Миганович.jpgДалучаемся да чэленджу «35 кропак росту». Як у гімназіі Свіслачы працуюць з маладымі спецыялістамі

15.09.2025

У гімназіі № 1 імя П. Васіленка Свіслачы работа з маладымі педагогамі па паглыбленні ў прафесію арганізавана ў рамках чэленджу «35 кропак росту».

Акцэнт робіцца на развіцці кожнага па кірунках: настаўнік-прадметнік, класны кіраўнік, калега і асоба, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У новым навучальным годзе ў гімназію прыйшлі два маладыя спецыялісты: настаўніца беларускай мовы Настасся Віннік і настаўніца англійскай мовы Аліна Папіціч. Дзяўчыны скончылі Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. У Свіслачы ім прадаставілі арэнднае жыллё. У мінулым навучальным годзе тут таксама прынялі дзвюх маладых настаўніц.

— Што тычыцца матэрыяльнага аспекту работы з маладымі, то калектыўным дагаворам прадугледжана штомесячная 10-працэнтная надбаўка да акладу на пагашэнне платы за арэнду жылля, 20-працэнтная надбаўка як маладому спецыялісту, за работу па кантракце — 35 працэнтаў (усім педагогам — 20 працэнтаў). Пры наступным замацаванні на 3 гады па кантракце — аднаразовая выплата ў памеры 10 базавых велічынь, — адзначае дырэктар гімназіі Святлана Гірэй.

З першых дзён маладых спецыялістаў знаёмяць з лакальнымі дакументамі і традыцыямі ўстановы. Ствараюць асяроддзе, дзе кожны адчувае сябе значным, патрэбным, дзе ідэі знойдуць водгук, а памылкі стануць прыступкамі да росту. Маладым тут адразу давяраюць важныя справы, напрыклад падрыхтоўку гімназістаў да ўдзелу ў рэспубліканскіх конкурсах «Я патрыёт сваёй краіны», ЮІР, «Энергамарафон», «Філарэтаўскія чытанні» і інш. Летась маладыя спецыялісты далучыліся да правядзення фарсайт-сесій «Будучыня гімназіі — кампетэнтнасна-арыентаванае адукацыйнае асяроддзе», «Этыка сучаснага настаўніка». Пачаткоўцы вядуць педагагічныя дзённікі, у якіх фіксуюць засвоеную інфармацыю, робяць рэфлексіўныя нататкі. На сустрэчах з намеснікамі дырэктара ў фармаце «Кава з намеснікам» абмяркоўваюцца актуальныя пытанні. Раз у месяц педагог-псіхолаг гімназіі праводзіць арт-тэрапеўтычныя заняткі з моладдзю.

За кожным пачынаючым педагогам па традыцыі замацоўваецца вопытны настаўнік, які дапамагае ў адаптацыі, дзеліцца ведамі, карпаратыўнай культурай. Старэйшы сумесна з маладым распрацоўвае індывідуальную траекторыю настаўніцтва ў форме чэленджу «35 кропак росту» для ўваходжання ў прафесію. Кожная кропка — не проста навык, а крок да таго, каб стаць сапраўдным настаўнікам-прадметнікам, класным кіраўніком, калегай, асобай. Чаму іх 35? Пры распрацоўцы чэленджу калектыў установы зыходзіў з таго, што ў навучальным годзе ў сярэднім 35 вучэбных тыдняў.

— Педагогі, якія курыруюць маладых, абмяркоўваюць з імі планы ўрокаў, формы і метады работы, пэўныя лайфхакі пры правядзенні заняткаў, — працягвае дырэктар. — На сайце гімназіі ёсць рубрыка «У дапамогу маладому педагогу» з матэрыяламі, прысвечанымі праектаванню ўрокаў. Што тычыцца фарміравання грамадзянскай пазіцыі маладых, іх асобаснага развіцця, то гэта адбываецца праз далучэнне да мерапрыемстваў, якія праводзяць прафсаюз, БРСМ, «Белая Русь», БСЖ і інш. Гэта магчымасць раскрыць свой талент, навучыцца працаваць у камандзе, рэалізаваць сацыяльны праект. Базай для карысных ініцыятыў стаў наш музей адукацыі Свіслацкага раёна. Тут, напрыклад, ажыццяўляецца праект «Лісты пажоўклага альбома» па запісванні відэа-, аўдыяінтэрв’ю з ветэранамі педагагічнай працы.

Педагог-настаўнік дапамагае маладым наладзіць адносіны з калегамі. Дзеліцца інфармацыяй аб правілах у калектыве: напрыклад у якіх сацыяльных сетках варта падтрымліваць зносіны, хто лепш за ўсіх разбіраецца ў алімпіядах і НПК, як адпачываюць настаўнікі. Арганізуюцца сустрэчы «Што значыць быць калегам», круглыя сталы «Мой уклад у каманду», практыкумы, гульні, мазгавыя штурмы.

Педагогі распрацавалі візуальныя карткі з 35 кропкамі росту маладога настаўніка ў зносінах з калегамі па 4 тэматычных блоках: камунікацыя, супрацоўніцтва, асобасны рост і культура зносін. Да кожнага напрамку стварылі свой чэк-ліст з канкрэтных пунктаў. З’явілася 35 напрамкаў прафесійнага росту для маладога класнага кіраўніка, якія тычацца яго асобаснага развіцця, педагагічных кампетэнцый, кіраўніцкіх навыкаў і ўзаемадзеяння з вучнямі і бацькамі. Вопытныя дзеляцца з пачынаючымі эфектыўнымі формамі і метадамі выхаваўчай работы, супрацоўніцтва з бацькамі вучняў і г. д.


— Не кожнаму таленавітаму і адукаванаму студэнту ўдаецца паспяхова пачаць сваю дзейнасць у школе, — заўважае адна з найбольш вопытных супрацоўнікаў гімназіі настаўніца англійскай мовы Алена Супрун. —Пачынаючы педагог хутка ўсведамляе, што тэарэтычныя веды, атрыманыя ва ўніверсітэце, правільныя, але жыццё ўносіць свае карэктывы. Значыць, яму патрэбны час на тое, каб навучыцца вучыць.

З якімі цяжкасцямі сутыкаецца моладзь? Вядзенне дакументацыі, дрэнная дысцыпліна вучняў, няўменне дакладна разлічыць час на ўроку і лагічна выбудаваць паслядоўнасць яго этапаў. Цяжкасці з падборам форм работы, пры тлумачэнні матэрыялу, непаразуменні з калегамі.

Мая суразмоўніца склала паэтапны шлях станаўлення маладога настаўніка англійскай мовы. Першы год аддаецца на адаптацыю ў школьным асяроддзі, прафесійны старт. Тут варта звярнуць увагу на змест Кодэкса аб адукацыі, статут школы, лакальныя нарматыўныя акты, дакументацыю, якую трэба запаўняць. Адразу ж варта далучаць моладзь да работы школы маладога настаўніка, запрашаць на пазаўрочныя мерапрыемствы і адкрытыя ўрокі. Маладыя наведваюць урокі вопытных настаўнікаў, а тыя ў сваю чаргу прыходзяць да пачынаючых спецыялістаў на ўрокі.

— Як настаўнік-прадметнік я расказваю, напрыклад, як распрацоўваць паўрочныя планы, пра метадычныя рэкамендацыі пры падрыхтоўцы да ўрока англійскай мовы, як рэалізаваць яго выхаваўчы патэнцыял, правесці аналіз і самааналіз, стварыць спрыяльную псіхалагічную атмасферу ў класе. Даю парады па выкарыстанні актыўных метадаў і прыёмаў, камунікатыўнага падыходу, праектнага навучання, гульнявых методык. Расказваю пра выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій. Асаблівая ўвага — фарміраванню функцыянальнай адукаванасці. Вучу шукаць уласны стыль выкладання: баланс паміж граматыкай, размоўнай практыкай і культурным кампанентам, — распавядае А. Супрун.

Не варта забываць і пра высокія мэты — рэкамендаваць маладым настаўнікам удзельнічаць у конкурсах і канферэнцыях, павышаць кваліфікацыю, публікаваць артыкулы, распрацоўваць аўтарскія матэрыялы, далучацца да падрыхтоўкі вучняў да алімпіяд і даследчых конкурсаў, весці заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах, арганізоўваць тыдні англійскай мовы, дэбаты, тэатральныя пастаноўкі і многае іншае.

А. Супрун падкрэслівае, што настаўніцтва — справа вельмі адказная. Трэба вылучаць час для работы з моладдзю. Канечне, неабавязкова прызначаць сустрэчу, калі трэба вырашыць простае пытанне, накшталт «Дзе можна ўзяць пэўную кнігу?», тут хопіць паведамлення. І самае галоўнае — не забываць аб маральнай падтрымцы маладых людзей, надаваць ім веры і ўпэўненасці ў сваіх сілах, адзначаць дасягненні, дапамагаць у складаных сітуацыях.

Источник: https://nastgaz.by