В Беларуси выпустили универсальное пособие для учителейВікторыя Кісялеўская — пра Вольгу Гурскую: ганаруся, што мая вучаніца стала кіраўніком Малабераставіцкай школы

12.9.2025

Дырэктар Малабераставіцкай сярэдняй школы Вольга Гурская з цеплынёй гаворыць пра сваю настаўніцу Вікторыю Кісялеўскую, якая аказала вялікі ўплыў на яе прафесійнае станаўленне. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Малады кіраўнік больш за 20 гадоў назад скончыла ўстанову, якую сёння ўзначальвае. Побач з ёй працуе і яе любімая настаўніца — выкладае анг­лійскую мову, а таксама з’яўляецца кіраў­ніком школьнага народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі”.

— Калі я вучылася ў 9 класе, у нашай школе з’явілася маладая і энергічная нас­таўніца нямецкай мовы Вікторыя Кісялеў­ская. Тады нямецкая была нашай асноўнай замежнай мовай, цяпер — англійская, — расказвае Вольга Мікалаеўна. — Калі ўспа­мінаю ўрокі Вікторыі Рамуальдаўны, перад вачыма паўстаюць яркія вобразы дзіўных падарожжаў у краіны, дзе традыцыйна гучыць нямецкая мова. Маладая настаўніца ўлюбляла нас у свой прадмет, выкарыстоў­вала сучасныя метады і прыёмы, эксперыментавала.

“Ідзі на нямецкую”, — параіла педагог сваёй любімай вучаніцы Вользе Гурскай. Так і адбылося. Дзяўчына паступіла на гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, дзе, акрамя асноўнай, была дадатковая спецыяльнасць “Замежная мова (нямецкая)”.

Пасля ўніверсітэта Вольга Гурская ўладкавалася ў Паплаўскую школу недалёка ад яе роднай Малой Бераставіцы, дзе пачала весці ўрокі нямецкай мовы. З Вікторыяй Рамуальдаўнай былая вучаніца, а цяпер ужо калега адносіны не спыняла. Яны бачы­ліся на пасяджэннях раённых метадычных аб’яднанняў.

— Памятаю, як хадзіла на адкрытыя ўрокі да Вікторыі Рамуальдаўны, старалася пераняць яе педагагічныя падыходы, адаптаваць да ўласных заняткаў яе стыль, манеру трымацца, дынаміку ўрокаў, энергічны падыход да падачы матэрыялу, творчыя заданні, — дзеліцца Вольга Гурская. — Калі мяне адправілі на раённы конкурс “Настаўнік года”, я звярнулася па падтрымку да сваёй настаўніцы. Разам мы адточвалі прафесійныя навыкі, абмяркоўвалі структуру конкурснага ўрока і тонкасці методыкі. Вікторыя Рамуальдаўна дзялілася са мной практычнымі парадамі, кнігамі з асабістай бібліятэкі, падказвала, дзе лепш набыць неабходную літаратуру.

Вікторыя Рамуальдаўна ў свой час прайшла шлях ад настаўніцы да дырэктара Малабераставіцкай школы. Узначальвала ўстанову каля 10 гадоў. Аднойчы яна прапанавала Вользе Гурскай перайсці ў яе родную школу на пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце з аналагічнай пасады, якую тая займала ў Паплаўскай школе. Вольга Мікалаеўна, не раздумваючы, пагадзілася. Неўзабаве ўзнікла пытанне аб прызначэнні Вольгі Гурскай дырэктарам Малабераста­віцкай школы. Адбылося гэта ў 2024 годзе.

— Калі абмяркоўвалася мая кандыдатура на пасаду дырэктара, у мяне былі некаторыя сумненні: ці спраўлюся з такім грузам адказнасці? — успамінае Вольга Мікалаеўна. — Вікторыя Рамуальдаўна падтрымала мяне: “Ідзі, Оля, спрабуй! Ты ўжо гатова, ты справішся!” Менавіта яна вучыла мяне тонкасцям кіраўніцтва: правільнай арганізацыі работы, размеркаванню аба­вязкаў, стварэнню атмасферы даверу ў калектыве. Вучыла звяртаць увагу на дэталі, а самае галоўнае — неабыякавым адносінам да сваёй справы.

“Оля, я табе падказваю кірунак, а ты думай і прымай рашэнне сама”, — так звычайна гаворыць яна. Як правіла, нашы меркаванні супадаюць. Вікторыя Рамуальдаўна размаўляе са мной па-добраму, ад чыстага сэрца, як мама. Можа нават зрабіць заўвагу, маўляў, тут трэба было праявіць строгасць, а ў гэтай сітуацыі — не ўскладняць. За такую крытыку не крыўдую, а, наадварот, удзячна.

З цеплынёй успамінаю, як Вікторыя Рамуальдаўна спачатку вяла мяне за руку ў свет ведаў, затым падтрымлівала як маладую калегу, дзялілася вопытам і любоўю да прафесіі. І сёння яна застаецца для мяне мудрым настаўнікам. Прымаючы важныя рашэнні, я часта звяртаюся да яе, часам нават у думках, разважаючы пра тое, што б зрабіла мая любімая настаўніца ў той ці іншай сітуацыі.

Вікторыя Рамуальдаўна нагадвае маладым калегам пра неабходнасць захоўваць пераемнасць традыцый і развіваць напрамкі, якімі школа можа ганарыцца, прадстаўляць іх за межамі раёна. Педагог гатова гадзінамі расказваць пра экспанаты школьнага народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі”, якім кіруе. З 2019 года ва ўстанове функцыянуе рэсурсны цэнтр сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці “Выкарыстанне патэнцыялу музея для фарміравання каштоўнасных адносін да малой радзімы”. Свае дасягненні школа дэманстра­вала на Рэспубліканскім форуме музеяў устаноў адукацыі.

— Адна з ключавых задач, якую я стаўлю перад сабой як дырэктар школы, — амаладжэнне педагагічнага калектыву. У ідэале мы павінны вырасціць з нашых вучняў будучую змену, працягваць традыцыі настаўніцтва, — падкрэслівае Вольга Гурская.

— Мая дарагая вучаніца Вольга Гурская дапытлівая і старанная. Скончыла школу з сярэбраным медалём, універсітэт — з адзнакай, — гаворыць Вікторыя Рамуальдаўна. — Як малады спецыя­ліст яна імкнулася ўсё і адразу рэаліза­ваць на практыцы. Я дапамагала ёй, раіла, як увасобіць у жыццё педагагічныя задумы. Калі Вольга Мікалаеўна стала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, наша супрацоўніцтва выйшла на новы ўзровень. Мы засяродзіліся на метадычнай рабоце, апрабоўвалі і вучылі іншых педагогаў кампетэнтнаснаму падыходу, метадам актыўнай ацэнкі і прыёмам актывізацыі пазнавальнай дзейнасці. Рэалізоўвалі інавацыйныя і эксперыментальныя праекты. У той час нашай школай кіравала маладая і ініцыя­тыўная Надзея Валянцінаўна Кулікоўская, мая калега па кафедры англійскай мовы, якая сёння займае пасаду начальніка аддзела адукацыі Бераставіцкага райвыканкама.

У Вольгі Мікалаеўны шмат планаў і задум, яна бачыць перспектывы развіцця школы, умела знаходзіць рашэнні складаных задач. Разважлівая, паслядоўная і патрабавальная да сябе, калег і вучняў. Акрамя таго, Вольга Мікалаеўна — клапатлівая мама дваіх дзяцей і добрая жонка. Імкнецца асвоіць кулінарныя таямніцы, каб радаваць сваю сям’ю. Пончыкі, згатаваныя яе чароўнымі рукамі па маім рэцэпце, сталі адной з любімых страў на іх сямейным стале.

Ганаруся, што мая вучаніца, якую падчас называю дачушкай (на што яна ніколі не крыўдуе), стала сфарміраваным педагогам, кіраўніком, надзейнай калегай і чалавекам, з якім заўсёды прыемна быць побач.

Источник: https://nastgaz.by