Дзе выкладаў Ян Чачот і вучыўся Напалеон Орда, раскажуць экспанаты музея гісторыі адукацыі Свіслаччыны
12.9.2025
Восенню мінулага года ў гімназіі № 1 імя П.Васіленка Свіслачы пасля рэарганізацыі адчыніў свае дзверы музей гісторыі адукацыі Свіслацкага раёна. Карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» пабывала там на экскурсіі.
— Дзякуючы сабраным па крупінках матэрыялам і экспанатам (у асноўным фондзе іх налічваецца 356) можна прасачыць доўгі шлях развіцця адукацыі на Свіслаччыне, — адзначае кіраўнік музея, настаўніца гісторыі, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Эла Котусева.
Шлях гэты пачынаецца ў 1562 г., калі пры кальвінісцкім касцёле была заснавана першая пачатковая школа. У 1668 г. пры каталіцкім касцёле ў Свіслачы сустрэла вучняў пачатковая прыходская школа. А ў лістападзе 1805 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё Гродзенскай губернскай гімназіі ў Свіслачы. Яна была зацверджана Аляксандрам І і з’явілася шмат у чым дзякуючы сувязям і матэрыяльнай падтрымцы графа Вінцэнта Тышкевіча, уладальніка Свіслачы. Геаграфію і гісторыю тут выкладаў вядомы пісьменнік і фалькларыст Ян Чачот. А сярод яе знакамітых выпускнікоў значыўся Напалеон Орда. У 1876 г. у будынку, які належаў былой гімназіі, была адкрыта адна з чатырох настаўніцкіх семінарый. У экспазіцыі музея заўважаем кнігу з яе бібліятэкі і іншыя падручнікі тых гадоў.
— Амаль на 20 гадоў Заходняя Беларусь, у тым ліку тэрыторыя Свіслацкага раёна, апынулася ў складзе Польшчы, — працягвае Эла Аляксандраўна. — У той час усе беларускія навучальныя ўстановы былі закрыты. У 1924 г. у будынку гімназіі пачала працаваць Польская настаўніцкая семінарыя. Навучанне тут вялося на польскай мове. У 1935 г. семінарыю рэарганізавалі ў гімназію для хлопчыкаў і дзяўчынак. Туды маглі паступіць не ўсе дзеці, бо за навучанне трэба было плаціць. Асновай адукацыі на Свіслаччыне ў 1921—1930 гг. лічыліся паўшэхныя (усеагульныя) публічныя школы, якія павінны былі наведваць усе дзеці школьнага ўзросту. Тут таксама вучылі па-польску. Для тых, хто не наведваў заняткі, існавала сістэма штрафаў.
20—25 % дзяцей школьнага ўзросту ў той час не вучыліся і заставаліся непісьменнымі. Здольныя выпускнікі паўшэхных школ маглі працягнуць вучобу ў настаўніцкай семінарыі, калі дазваляла матэрыяльнае становішча сям’і.
17 верасня 1939 г. адбылася лёсавызначальная падзея — аб’яднанне Заходняй Беларусі і БССР у адну дзяржаву. Адбыліся змены і ў адукацыі. Уводзілася навучанне дзяцей па праграме савецкай школы. У Свіслачы з’явілася беларуская сярэдняя школа, якая дзейнічала да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
У экспазіцыі музея знаходзіцца парта, за якой сядзелі вучні ў даваенны час. Пісалі пёравымі ручкамі, абмакваючы ў чарніліцу. Асаблівае месца займаюць фатаграфіі, дакументы і ўзнагароды настаўнікаў-франтавікоў, удзельнікаў партызанскага руху, юных падпольшчыкаў.
— Звярніце ўвагу на фота савецкіх ваеннапалонных у Свіслачы. З прыходам нямецка-фашысцкіх захопнікаў у чэрвені 1941 г. усе навучальныя ўстановы былі закрыты, — гаворыць кіраўнік музея. — Акупанты знішчылі школьнае абсталяванне, спалілі кнігі. Не стала найбагацейшай бібліятэкі і архіва Свіслацкай школы, быў разбураны будынак гімназіі (з чатырох карпусоў застаўся толькі адзін). У 1942 г. немцы дазволілі адкрыць пачатковую школу на 30 вучняў у Свіслачы. У іншых населеных пунктах гэта забаранялася пад страхам смяротнага пакарання. У Поразаве і вёсцы Грынкі настаўнікі вялі навучанне тайна. Іх дзейнасць была раскрыта. Педагогаў з Грынкаў расстралялі. Прайшлі арышты сярод поразаўскай інтэлігенцыі. Арыштаваныя трапілі ў канцлагер, дзе загінулі.
Некаторыя з настаўнікаў з першых дзён ішлі ў партызаны разам са сваімі вучнямі, арганізоўвалі падполле на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі.
У снежні 2023 г. гімназіі ў Свіслачы прысвоілі імя Праскоўі Васіленка. Яна была ўдзельніцай Дабравольскага падполля. Шмат разоў папярэджвала яна партызан аб карных аперацыях, якія рыхтаваліся супраць народных мсціўцаў. Сувязь з партызанамі разам з Пашай трымала амаль уся яе сям’я. Гітлераўцам удалося высачыць падпольшчыкаў і арыштаваць сям’ю Васіленка. Два тыдні іх катавалі фашысты, але яны не выдалі месцазнаходжанне партызан. У адзін з лістападаўскіх дзён 1943 г. нямецкія каты правялі патрыётаў праз усю вёску, на іх шыях віселі шыльды «Мы дапамаглі партызанам». Усе яны былі павешаны немцамі на дубе ў цэнтры вёскі. Пашы Васіленка быў усяго 21 год.
Свіслач вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 17 ліпеня 1944 г. А ўжо 28 жніўня ў скверы каля разбуранага будынка сярэдняй школы адбылася першая пасляваенная педагагічная нарада. З 257 даваенных настаўнікаў прыйшлі толькі 46 чалавек. Многія школы раёна былі разбураны. Так, у Дварчанах навучанне вялося ў былым доме памешчыка. У 1963 г. пабудаваны будынак сённяшняй гімназіі, у той час Свіслацкай сярэдняй школы. На фотаздымках тых гадоў можна бачыць вучэбныя і працоўныя будні школьнікаў.
На стэндзе «Людзі ствараюць гісторыю» прадстаўлены фатаграфіі настаўнікаў, якія працавалі ў розныя гады ў раёне, удастоеных звання «Выдатнік адукацыі», людзей, якія прысвяцілі шмат гадоў педагагічнай справе.
— Музей гімназіі сёння — гэта пляцоўка для грамадзянска-патрыятычнага выхавання вучняў. Тут арганізуецца цікавая, змястоўная дзейнасць сярод настаўнікаў, дзяцей і іх бацькоў. Гімназісты праводзяць займальныя экскурсіі з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, — падкрэслівае Э. Котусева.
Источник: https://nastgaz.by