Самыя актыўныя і спартыўныя 

23.08.2024

300 школ будуць працаваць у Гродзенскай вобласці ў гэтым годзе.

У Дзень ведаў яны адчыняць дзверы для больш чым 120 тысяч школьнікаў. Такая статыстычная інфармацыя прагучала на абласной відэанарадзе. Абмеркаванне тэмы пачатку новага вучэбнага года прадоўжылі на раённай. 12 установаў агульнай сярэдняй адукацыі будуць функцыянаваць на Дзятлаўшчыне. За парты сядуць 2093 дзіцяці, з іх 149 першакласнікаў.

Аднаразовую матэрыяльную дапамогу са сродкаў раённага бюджэту на падрыхтоўку да новага навучальнага года дзяцей са шматдзетных, малазабяспечаныха таксама сем’яў з дзецьмі-інвалідамі атрымалі 275 сем’яў, у якіх выхоўваюцца 597 дзяцей.

Нават у час канікулаў вынікі актыўнай прафесійнай дзейнасці “наганяюць” педагагічныя калектывы нашага раёна. На мінулым тыдні вызначаны пераможцы абласнога конкурсу дыярам. Дыярама “Ліпічанскі Сусанін”, створаная пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Фёдара Бойкі, заняла ІІ месца. Гімназія райцэнтра заваявала ІІІ месца ў абласным конкурсе на самую спартыўную школу.

Унесена прапанова, якая ў час нарады атрымала падтрымку старшыні райвыканкама, у наступным годзе пабудаваць і ўстанавіць варкаўт-пляцоўку на тэрыторыі Дварэцкай сярэдняй школы. Акрамя таго, на перспектыву, спецыялісты Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый зоймуцца падрыхтоўкай праектна-каштарыснай дакументацыі па рамонтах дахаў гімназіі горада Дзятлава і Гезгалаўскай сярэдняй школы, якія плануюцца ў 2025-2026 вучэбным годзе.