Павлюкевич.jpgАдукацыйны ўзлёт

7.10.2025

Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык называе гэты год знакавым для сістэмы адукацыі рэгіёна дзякуючы прысваенню высокага звання народнага настаўніка Альфрэду Ладыку з гімназіі № 1 Ліды:

— Гэта заслужаны вынік карпатлівай працы як самога педагога, так і адміністрацыі ўстановы, упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама, а таксама вялікай увагі да прафесіі на ўзроўні абласнога кіраўніцтва і Прэзідэнта Беларусі.

Гаворачы пра кадравы патэнцыял рэгіёна, адзначу: толькі выдатнікаў адукацыі на Гродзеншчыне сёння больш за 150 чалавек. За гэтымі імёнамі і прозвішчамі — штодзённая самаадданая праца людзей, якія сваім прыкладам даказваюць, што адукацыя Гродзеншчыны ўпэўнена рухаецца наперад.

Сярод нядаўніх вераснёвых узнагарод, якія прагучалі на ўсю краіну, — медаль “За працоўныя заслугі” дырэктару Путрышкаўскай сярэдняй школы імя Ф.Л.Крайніка Гродзенскага раёна Галіны Разумневіч, падзяка Старшыні Палаты прадстаўнікоў Васі­лю Рап’яўцу, кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 9 імя І.М.Сухамліна Слоніма.

Пералічваць заслугі асобных прадстаўнікоў сістэмы адукацыі Гродзеншчыны можна бясконца, гэта сапраўды шчодры россып талентаў і дасягненняў. Кожная такая ўзнагарода падкрэслівае чарговы крок настаўніцтва рэгіёна да агульнай мэты — планамернага развіцця адукацыі вобласці.

Асаблівую радасць сёлета прынеслі поспехі ўдзельнікаў міжнародных прадметных алімпіяд. Юныя прадстаўнікі Гродзенскай вобласці заваявалі 10 медалёў, што сведчыць пра высокі ўзровень работы з адоранымі дзецьмі, захаванне і перадачу лепшых традыцый падрыхтоўкі будучых інтэлектуалаў.

У цэлым сістэма адукацыі працуе якасна і стабільна па ўсіх напрамках рэалізацыі дзяржаўных праграм і сацыяльных стандартаў. У цэнтры ўвагі педагагічнай грамадскасці рэгіёна — новыя выклікі часу, такія як удасканаленне спецыяльнай адукацыі, стварэнне інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя, у тым ліку для дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра, выкарыстанне штучнага інтэлекту ў навучанні і не толькі.

Не можа не радаваць і дзейнасць нашых профільных класаў. Уступная кампанія 2025 года наглядна прадэманстравала паспяховасць работы класаў педагагічнай, інжынернай і аграрнай накіраванасці. Што вельмі важна, усе без выключэння медалісты сёлета выбралі для паступлення вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі.

Пра эфектыўнасць работы сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці сведчыць і беспрэцэдэнтны рост колькасці заключаных выпускнікамі дагавораў на мэтавае навучанне.

Маладыя людзі сёння свядома выбіраюць не толькі прафесію, але і будучага работадаўцу. І гэта заканамерны вынік рэалізацыі і пастаяннага ўдасканалення стратэгічнага падыходу да прафарыентацыйнай работы, заснаванага на рашэннях Міністэрства адукацыі і даручэннях кіраўніка дзяржавы.

Расце ў вобласці і колькасць вучняў, якія пасля 9 класа выбіраюць траекторыю атрымання рабочай прафесіі. Пра запатрабаванасць прафесійнай адукацыі сведчаць высокія прахадныя балы ў каледжы і рост кантрольных лічбаў прыёму. Як і ў вышэйшай адукацыі, тут назіраецца тэндэнцыя павелічэння колькасці залічаных на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Пашыраецца супрацоўніцтва каледжаў з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, якое выяўляецца не толькі ў сумеснай распрацоўцы праграм падрыхтоўкі вучняў, але і ў адкрыцці майстэрань і лабараторый на базе прадпрыемстваў для атрымання вучнямі практычных навыкаў.

Сёння па многіх паказчыках педагогі вобласці — адны з леп­шых у краіне. Жадаю ўсім педагагічным калектывам і далей працаваць над павышэннем якасці адукацыі. І, канечне, трэба накіроўваць педагагічную грамадскасць рэгіёна на далейшую работу з моладдзю ў справе арыентацыі яе на атрыманне пе­дагагічнай прафесіі.

Гэты навучальны год для нас стане свайго роду фінішнай прамой у маштабнай падрыхтоўцы да рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Упэўнены, педагогі вобласці па традыцыі годна прадставяць рэгіён у сталіцы і вернуцца ў свае працоўныя калектывы з узнагародамі і вялізным жаданнем пакараць новыя вяршыні майстэрства і прафесіяналізму. Ушаноўваць галоўных герояў гэтага свята і спаборніцтва прафесіяналізму і творчасці мы будзем напярэдадні Дня настаўніка ў 2026 годзе.

Сёлета ж жадаю калегам толькі найлепшага на прафесійным і асобасным шляху. Няхай перамог і дасягненняў — маленькіх і вялікіх — будзе шмат!