В Мостах прошёл профсоюзный приём граждан и правовое просвещение по актуальным вопросам режима труда и отдыхаЛюдміла Бакун: у прыярытэце — выхаваўчая работа, дапамога навучэнцам з прафесійным самавызначэннем

26.9.2025

Прафесіяналы, якія ведаюць, як цікава выкладаць вучэбныя прадметы і як даць дзецям якасную адукацыю, — так характарызуе педагагічны калектыў гімназіі № 1 Іўя дырэктар Людміла Бакун. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Людміла Станіславаўна, з якімі вынікамі гімназія падыходзіць да 20-годдзя ўстановы адукацыі?

— За сваю нядоўгую гісторыю гімназія выпусціла 102 медалісты, на рахунку навучэнцаў 135 дыпломаў абласнога і рэспуб­ліканскага ўзроўняў за перамогу ў алімпіядах па вучэбных прадметах і 43 — за перамогу ў творчых конкурсах. Сёлета гімназісты паказалі выдатныя вынікі: 8 дыпломаў атрымана на абласным этапе, дыплом і пахвальны водзыў на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, максімальныя 100 балаў па ЦЭ і ЦТ у 6 навучэнцаў. Акрамя таго, сёлета вучаніца гімназіі адзначана дыпломам І ступені ў рэспубліканскім конкурсе юных чытальнікаў “Жывая класіка”. Асаблівую гордасць выклікаюць выпускнікі: 41 з 46 паступілі ва УВА на самыя прэс­тыжныя спецыяльнасці. Напрыклад, выпускніца бягучага года выбрала спецыяльнасць “Ваенны фінансіст” на ваенна-тэхнічным факультэце БНТУ. Набор з усёй рэспублікі — тры бюджэтныя месцы, адно з якіх і забрала наша выпускніца.

— Такія добрыя паказчыкі — гэта заслуга вопытных і прафесійных педагогаў. Як садзейнічаеце развіццю іх кампетэнцый?

— 37 з 40 нашых педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю і здольны забяспечыць высокую якасць адукацыі. Яны ўдзельнічаюць у розных адукацыйных мерапрыемствах і засвойваюць праграмы павышэння кваліфікацыі. Бачу іх палаючыя вочы і жаданне працаваць. Падтрымліваем і маладых спецыялістаў. Трэці год працуе педагог-псіхолаг Рэната Купцель. Мне вельмі падабаецца творчы падыход маладога педагога-арганізатара Вікторыі Місевіч. Па размеркаванні пасля мэтавага навучання да калектыву далучыўся настаўнік гісторыі Мікалай Бабяк. Пад яго кіраўніцтвам за год каманда аб’яднання “Што? Дзе? Калі?” змагла перамагчы на абласным этапе XXXII Рэспубліканскага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях, а на XIII абласным сінхронным чэмпіянаце па інтэлектуальных гульнях сярод малодшых ювеналаў заваявала 2-е і 3-е месцы.

— Сёлета на базе ўстановы адкрыўся раённы інжынерна-тэхнічны цэнтр. У чым яго адметнасць?

— Да гэтага педагогі з вучнямі ішлі тры гады. На факультатыўных занятках навучэнцы вывучалі асяроддзе праграмавання Scratch, асновы робататэхнікі, схематэхнікі, мікраэлектронікі, 3D-мадэлявання і 3D-друку. Бачым зацікаўленасць дзяцей. Гэта пацвярджае і статыстыка: каля чвэрці выпускнікоў бягучага года выбралі спе­цыяльнасці тэхнічнай, інжынернай накіраванасці або звязаныя з праграмаваннем. Аб прафесіяналізме настаўніка інфарматыкі Васіля Кяўры сведчаць поспехі яго навучэнцаў. Штогод яны прывозяць па некалькі дыпломаў з розных інтэлектуальных спаборніцтваў. Так, у 2025 годзе на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы атрыманы дыплом ІІІ ступені, у скла­дзе Гродзенскай вобласці на чэмпіянаце па праграмаванні сярод школьнікаў пры БДУ — дыплом ІІ ступені, а па выніках удзе­лу ў Міжнароднай алімпіядзе мола­дзі — дыплом ІІ ступені.

Плануем да Дня настаўніка падрыхтаваць урачыстае мерапрыемства. Запросім ветэранаў педагагічнай працы, якія стаялі ля вытокаў стварэння ўстановы… Займаемся аднаўленнем фантана на тэрыторыі школы. Хачу выказаць словы падзякі энтузіястам-бацькам, якія дапамагаюць у рэалізацыі гэтай ініцыятывы.

— З пачатку гэтага навучальнага года школы аб’яўлены тэрыторыяй, свабоднай ад мабільных тэлефонаў. Як да новаўвя­дзення паставіліся навучэнцы і дзе захоўваюцца іх гаджэты падчас урокаў?

— Мы абсталявалі спецыяльную шафу, куды складваюцца тэлефоны. Аддаём іх пасля званка з апошняга ўрока. На дзіва, дзеці паставіліся вельмі спакойна да гэтых новаўвядзенняў. Прыно­сяць шашкі і шахматы, каб бавіць час на перапынках. Мы, са свайго боку, устанавілі два тэнісныя сталы ў рэкрэацыі, каб дабавіць актыўнасці і прапанаваць альтэрнатыву карыстанню тэлефонамі.

— З пункту гледжання кіраўніка, на што трэба ра­біць акцэнт у развіцці ўстановы адукацыі?

— У прыярытэце — выхаваўчая работа з вучнямі, работа з адоранымі дзецьмі, падрыхтоўка навучэнцаў да самастойнага, дарослага жыцця і дапамога ім з прафесійным самавызначэннем. Вельмі важна, каб выпускнікі гімназіі сталі сапраўднымі грама­дзянамі і прыносілі карысць нашай краіне.

Источник: https://nastgaz.by