Ігар Каралевіч з Гальшанскай школы — пра цікавыя напрамкі патрыятычнага выхавання моладзі
18.9.2025
Ігар Каралевіч будуе дыялогі з вучнямі Гальшанскай сярэдняй школы Ашмянскага раёна ў найлепшых традыцыях патрыятычнага выхавання. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
З 2021 года ён з’яўляецца кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні і фактычна з гэтага часу вядзе заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах “Патрыёт”. Кожны год яно аб’ядноўвае навучэнцаў з 8 па 11 клас, якія з гордасцю апранаюць форму і, па словах неабыякавага педагога, адразу пасля гэтага спіну трымаюць раўней, а галаву — вышэй.
— Патрыятычнае выхаванне — паняцце ўсёабдымнае і прадугледжвае шмат напрамкаў работы. Разам з дзецьмі даглядаем воінскія пахаванні паблізу аграгарадка. Кожную вясну адпраўляемся ва ўжо традыцыйны велапрабег ад помніка да помніка. Нязменны пункт такога маршруту — памятны знак на месцы гібелі экіпажа Аляксандра Аўдзеева і Пятра Страленкі. Гэтыя лётчыкі загінулі на нашай зямлі ў чэрвені 1941 года і былі не старэйшыя за бацькоў многіх нашых сённяшніх вучняў, — гаворыць педагог.
Кожнае такое велападарожжа суправаджаецца экскурсам у гісторыю. І кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, да якога школьнікі да таго ж спяшаюцца на заняткі па геаграфіі, упэўнены, што веды, пададзеныя ў такой форме і атмасферы, абавязкова становяцца доўгатэрміновымі.
Дарэчы, у арсенале школьнага спартыўнага інвентару значацца 18 сучасных веласіпедаў, і калі ў кагосьці з дзяцей двухколавая тэхніка адсутнічае, гэта не перашкода для сумеснага велападарожжа.
— Чалавек 20—25 — наш звычайны склад удзельнікаў. Але быў выпадак, калі сабралася адразу 40. Па ўсім маршруце велапрагулкі тады рухаліся ў суправаджэнні ДАІ. Да 9 Мая звычайна адпраўляемся ў падарожжа з Дзяржаўным сцягам, — працягвае педагог.
Прафесійныя прыярытэты ў свой час ён расставіў і па поклічы сэрца, і па прыкладзе сям’і. Шмат гадоў служэнню педагогіцы прысвяціў бацька Віктар Каралевіч. Сваё слова ў гэтай прафесіі сказала і сястра Марына Гайдукевіч.
Ігар Каралевіч свой педагагічны шлях пачаў у 1997 годзе. Пэўны час выкладаў геаграфію і фізічную культуру ў вёсцы Доргішкі, а з 2011 года працуе ў Гальшанах.
— Пасля службы ў арміі, памятаю, хацеў звязаць жыццё з ваеннай справай. Калі ў школах краіны сталі ўводзіць пасаду кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, злавіў сябе на думцы, што жаданні чалавека могуць выконвацца самым нечаканым чынам. Увогуле, патрыятычнае выхаванне моладзі сёння — важная частка работы ўсіх педагогаў, якая арыентавана на нашу агульную будучыню, — звяртае ўвагу Ігар Віктаравіч.
https://nastgaz.by/wp-content/uploads/2025/09/IMG_7450-300x202.jpg 300w, https://nastgaz.by/wp-content/uploads/2025/09/IMG_7450-1024x691.jpg 1024w, https://nastgaz.by/wp-content/uploads/2025/09/IMG_7450-768x518.jpg 768w, https://nastgaz.by/wp-content/uploads/2025/09/IMG_7450-1536x1036.jpg 1536w, https://nastgaz.by/wp-content/uploads/2025/09/IMG_7450-2048x1381.jpg 2048w" alt="" width="797" height="538" style="box-sizing: border-box;">
Школьнікі з Гальшан вучаць гісторыю не толькі па старонках падручнікаў. Не раз бывалі з экскурсіямі ў Хатыні і на Лініі Сталіна, у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Каманда патрыётаў Ігара Віктаравіча штогод з нагоды святочных дат удзельнічае ва ўрачыстым ускладанні кветак да помніка
воінам-землякам. Прычым яловыя вянкі і кветкавыя кампазіцыі для такіх цырымоній дзеці разам з педагогам збіраюць таксама самі. Па словах кіраўніка ВПВ, вялікае значэнне тут мае максімальны ўдзел моладзі:
— Усе нашы юнакі і дзяўчаты не адзін раз у год бываюць у гасцях у Марыі Ягораўны Селядцовай — малалетняга вязня фашысцкага канцлагера, якая жыве ў родных для нас Гальшанах. Бываем не толькі з віншавальнай місіяй. Дапамагаем справіцца з хатнімі справамі. Такія сустрэчы заўсёды пакідаюць вялікае ўражанне. І кожны раз я акцэнтую ўвагу дзяцей на тым, што магчымасць прамых зносін са сведкамі ваеннага ліхалецця — іх перавага перад будучымі пакаленнямі.
У сваёй рабоце педагог звяртаецца да беларускага кінематографа. Напрыклад, пасля прагляду фільма “На другім беразе” свае ўражанні і высновы юныя патрыёты аформілі ў невялікі відэаролік з апытаннем аднагодкаў і педагогаў, які стаў пераможцам раённага конкурсу “Фільмы, якія нас выхоўваюць”.
— Экранізацыя гэтай стужкі для нашых школьнікаў прайшла пад знакам асаблівай увагі. Частка эпізодаў фільма здымалі ў Гальшанах, некаторыя нашы юныя патрыёты сталі героямі яго масавых сцэн, — расказвае Ігар Віктаравіч.
Лета ж для многіх яго выхаванцаў аб’яднання па інтарэсах “Патрыёт” не аднойчы праходзіла ў лагеры “Кентаўр”. Ключавы акцэнт выхаваўчай работы ў ім — вывучэнне малой радзімы і пошукавая работа ў цесным супрацоўніцтве з прадстаўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Пад кіраўніцтвам навукоўцаў вучні Гальшанскай сярэдняй школы падчас кругласутачнага лагера ўдзельнічаюць у археалагічных раскопках і далучаюцца да таямніц гісторыі малой радзімы.
— Не ведаючы мінулага, складана ствараць будучыню. А менавіта з жывой цікавасці да месца, дзе ты нарадзіўся, пачынаецца цікавасць да гісторыі краіны. З 2011 года быў нязменным кіраўніком “Кентаўра” і ў рабоце прытрымліваўся якраз гэтага прынцыпу. У мінулым годзе паўнамоцтвы кіраўніка па аб’ектыўных прычынах перадаў. Гэтым летам 15-дзённая змена пачалася 11 жніўня, — адзначае Ігар Каралевіч.
— Немагчыма навучыць любові і павазе да Радзімы, проста запісаўшы вучня ў аб’яднанне па інтарэсах. Педагогу важна быць для яго прыкладам. Асабіста мне ў гэтым дапамагаюць захопленасць велападарожжамі і гісторыяй роднага краю. Акрамя таго, часта паўтараю дзецям, што павага да народа пачынаецца з яго самапавагі. Заўсёды з задавальненнем назіраю, як падчас святочных мерапрыемстваў нашы школьнікі ад малога да вялікага спяваюць Дзяржаўны гімн.
Источник: https://nastgaz.by