photo 5341738637097825729 yЯкія праекты рэалізуюцца ў Дабравольскай школе, што знаходзіцца на тэрыторыі Белавежскай пушчы

16.9.2025

“Без моцнага і згуртаванага калектыву немагчыма дасягнуць поспехаў у рэалізацыі значных праектаў”, — упэўнена дырэктар Дабравольскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна Людміла Петрасян. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 

Людміла Уладзіміраўна ўсё жыццё застаецца вернай прафесіі і пушчанскай зямлі. Пасаду дырэктара Дабравольскай школы займае з 2008 года. Да гэтага шмат гадоў працавала метадыстам у аддзеле адукацыі, што дало магчымасць глыбей зразумець адукацыйны працэс і заканадаўства, наладзіць добрыя ўзаемаадносіны з педагогамі. Галоўныя памочнікі кіраўніка — намеснікі Ларыса Туміловіч і Ірына Янушкевіч. Усе бягучыя пытанні, арганізацыя свят і конкурсаў, абагульненне педагагічнага вопыту — іх штодзённы клопат.

Сёння ва ўстанове працуюць 18 педагогаў, вучыцца 51 вучань, а таксама 9 дзяцей дашкольнага ўзросту наведваюць рознаўзроставую групу інтэграванага навучання і выхавання.

— Свой калектыў я параўноўваю з вялікай і дружнай сям’ёй, дзе ўсе падтрымліваюць адно аднаго. Усе важныя рашэнні мы прымаем калегіяльна ў сяброўскай атмасферы, выслухоўваючы парады і прапановы кожнага. Нечаканую ідэю або праект можа прыдумаць не толькі педагог, але і дзіця або хтосьці з ініцыятыўных бацькоў. Шмат добрага, што было створана ў нас, — вынік працы неабыякавых да сваёй справы людзей, — адзначае Людміла Уладзіміраўна.

Па выніках мінулага года Дабравольская сярэдняя школа чарговы раз адзначана дыпломам І ступені раённага конкурсу сярод устаноў адукацыі, якія рэалізуюць праграмы агульнай сярэдняй і да­школьнай адукацыі.

Навучэнцы школы ў 2024/2025 навучальным годзе атрымалі на раённых і абласных канферэнцыях даследчых работ і мерапрыемствах выхаваўчай накіраванасці 68 дыпломаў на раённым узроўні, 21 дыплом у абласных конкурсах, 4 дыпломы рэспубліканскага ўзроўню.

Дабравольскай школе пашанцавала знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага парка “Белавежская пушча”, што падказала ­адзін з галоўных кірункаў развіцця ўстановы — экалагічны.

На працягу 35 гадоў тут дзейнічае музей лесу, у якім сёння 8 экспазіцый, дзе шырока прадстаўлена разнастайнасць свету дзікай прыроды (налічваецца 568 экспанатаў). З 2013 года музейную работу ў школе курыруе настаўніца хіміі і біялогіі Ірына Амельчанка. Створаны калекцыі лекавых траў, горных парод і мінералаў. Экспанаты збіра­юць падчас паходаў, экскурсій. Педагогі, вучні з баць­камі вядуць даследчую дзей­насць, вывуча­юць розныя крыніцы інфармацыі, архіўныя матэрыялы. Дапамага­юць жыхары аграгарадка. Музей змог пашы­рыць свае межы: на занятках аб’яднання па інтарэсах “Умелыя ручкі” вучні ра­зам з педагогамі стварылі выязны музей “Дзверы ў зялёны дом” з выкарыстаннем тэхнікі ма­дэлявання з фаамірану і ў тэхніцы пап’е-машэ. У ім 5 экспазіцый, якія знаёмяць з рэдкімі і знікаючымі птушкамі і жывёламі нашай краіны, ядомымі і атрутнымі грыбамі і ягадамі Беларусі.

 

Распрацавана віртуальная экскурсія “Музей для сяброў”. На сайце школы прадстаўлены аглядныя, інтэрактыўныя і тэатралізаваныя экскурсіі на рускай, беларускай і англійскай мовах. Для гасцей школы вучні право­дзяць экскурсіі непасрэдна ў музеі. Дзесяцікласніца Міраслава Іванюк адзначана дыпломамі I ступені на абласным і рэспубліканскім этапах Рэспуб­ліканскага конкурсу юных экскурсаводаў устаноў адукацыі ў 2024 і 2025 гадах.

На тэрыторыі ўстановы плошчай больш за 3 га была створана “Прыродная лабараторыя” — вучэбна-пазнавальная сцежка з рознымі станцыямі. Так, на станцыі “Штучныя гнездзішчы” размешчаны шпакоўні і кармушкі для птушак, вырабленыя вучнямі на ўроках тэхнічнай працы пад кіраўніцтвам Святланы Шыманчук. Больш за 15 відаў дрэў, якія растуць на тэрыторыі Белавежскай пушчы, можна ўбачыць на станцыі “Дэндрарый”. На вучэбна-­пазнавальнай сцежцы расце каля 20 відаў лекавых раслін. Тут захоўваюць відавую разнастайнасць раслін дзікага лугу: травы на невялікім участку застаюцца няскошанымі, можна вывучаць іх цвіценне. Ёсць і свой міні-пчальнік з узорамі вулляў: ад полых ствалоў дрэў (бортніцтва) да сучасных, пасткі для рою пчол. Прадстаўлены гатункі мёду, рамкі, адзенне пчаляра і інш.


Па ініцыятыве навучэнцаў і з іх дапамогай была пабудавана “Партызанская зямлянка”, такая, як у гады вайны. У ёй ёсць посуд, макеты зброі, боты з саломы для хаджэння па балоце і інш.

Тапіярная стрыжка дэкаратыўных дрэў і кустоў (конус, шар, піраміда, авал і інш.) дэманструе ідэю матэматыкі ў прыродзе. У садзе надзеі растуць пладовыя дрэвы, у 2025 годзе ён папоўніўся яблынямі (80 штук), пасаджанымі да 80-годдзя Перамогі. На станцыі “Турыстычная” — палаткі і гульнявая зона. Штогод тут размяшчаюцца выхаваўча-аздараўленчыя лагеры ўстаноў Свіслацкага і іншых раёнаў.

У аграгарадку Дабраволя знаходзіцца помнік драўлянага дойлідства ХIХ стагоддзя — царква Успення Прасвятой Багародзіцы. Настаяцель храма прынёс у школу дакументы пра яго гісторыю. З гэтага моманту ва ўстанове пачаў развівацца яшчэ адзін напрамак — духоўна-маральны.

У школе створаны кабінет духоўна-маральнага выхавання, працуе абласны цэнтр эфектыўных педагагічных практык па праваслаўным краязнаўстве. З 2013 года рэалізуюцца рэспубліканскія інавацыйныя праекты па духоўна-маральным выхаванні. З 2025 па 2028 год запланаваны новы праект “Укараненне мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння рэсурсных цэнтраў па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні”. 

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Зоя Урбановіч разам з вучнямі правяла пошукавую работу, сабрала матэрыялы аб страчанай храмавай архітэктурнай спадчыне Свіслацкага раёна, аб мінулым дзесяці храмаў. У выніку была распрацавана гістарычная экскурсія і міні-інсталяцыя “Здабытае страчанае малой радзімы”, якая на рэспуб­ліканскім этапе патрыятычнай акцыі “Любім Беларусь, ганарымся Беларуссю, падарожнічаем па Беларусі” была ўзнагароджана дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі ў намінацыі “Мая Радзіма ў адным імгненні”. На міжнародным конкурсе “Духоўнае святло” вучні 11 класа Настасся Урбановіч і Арсеній Васіленка былі адзначаны дыпломамі I ступені ў 2024 і 2025 гадах.

Навучэнцы і педагогі школы маюць поспех удзелу ў адкрытых абласных навукова-адукацыйных Каложскіх і рэспубліканскіх Еўфрасіннеўскіх чытаннях, міжнародным велікодным кірмашы творчых ідэй. Калектыў школы адзначаны падзячным лістом Гродзенскай епархіі за дасягненні ў сферы даследавання гісторыі Праваслаўнай царквы на Гродзеншчыне.

Папулярнымі сталі велапаходы. Так, па ходзе маршруту працягласцю 441 кіламетр школьнікі наведалі сядзібы, святыя крыніцы, палацавыя комплексы, азнаёміліся з храмамі Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Усе аб’екты былі нанесены на карту маршрутаў і апісаны ўдзельнікамі паходу. Гродзенская абласная маршрутна-кваліфікацыйная камісія разгледзела справаздачу і залічыла гэтае мерапрыемства як паход другой катэгорыі складанасці. Турыстычная група і яе кіраўнік настаўнік фізкультуры Дзмітрый Трушко адзначаны дыпломамі ІІ і ІІІ ступені Міністэрства адукацыі ў спаборніцтвах па спартыўных турыстычных паходах Рэспубліканскай спартакіяды сярод дзяцей і моладзі ў 2023 і 2024 гадах.

У мікрараёне школы знаходзяцца тры пагранічныя заставы Гродзенскай пагранічнай групы, з якімі наладжана супрацоўніцтва. Арганізаваны клуб юных сяброў пагранічнікаў “Патрыёт”, які аб’яднаў вучняў 7—11 класаў. Яго ўзначальвае кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Алег Іванавіч Лобач.

Ваеннаслужачыя пагранзастаў заўсёды жаданыя госці ва ўстанове адукацыі. Яны праводзяць урокі памяці, удзельнічаюць у рабоце школы актыўнага грамадзяніна, святочных лінейках. Асаблівую ўвагу падчас заняткаў удзяляюць агнявой, тактычнай, страявой і фізічнай падрыхтоўцы вучняў. Знаёмяць іх з тэхнікай, узбраеннем, арганізацыяй побыту, службы і адпачынку пагранічнікаў. Дэманструюць свае прафесійныя якасці кінолагі: як затрымліваць парушальніка мяжы, збіраць і разбіраць аўтамат, чытаць сляды на пяску і г.д. Штогод 28 мая ў Дзень пагранічніка ладзяцца сяброўскія сустрэчы па футболе, агляд строю і песні. Школьнікі ўдзельнічаюць у ваенна-спартыўных гульнях і эстафетах (“Мяжа”, “Разведатлон”, “Факел”, “Дазор”) і становяцца прызёрамі ў раёне і вобласці.


Творчыя педагогі стварылі інсталяцыю ў выгля­дзе лялек “Міфічны свет вачыма нашых продкаў”. Дзяцей, асабліва дашкольнага ўзросту, вельмі цікавяць вобразы міфічных істот. Тут можна ўбачыць пушчавіка і лесавіка, дамавіка і вадзяніка, а таксама гуменніка, хлеўніка, палевіка, белуна і іншых насельнікаў.

Источник: https://nastgaz.by