photo 5319223172991679799 yЧатыры пакаленні адной сям’і – вучні СШ №1

5.9.2025

Так гавораць у сям’і Ігнаценка – Вайця­хоўскіх – Харытонавых – Кірпа. 

Учора першы раз у першы клас мама, бабуля і прабабуля праводзілі Машу Кірпу. Дзяў­чынка – прадстаўніца чацвёртага пакалення гэтай сям’і, для якой першая школа стала такой ва ўсіх сэнсах гэтага слова.

«Першая школа была для мяне трэцяй»

Успамінае Марыя Вайцяхоўская (Ігнаценка):

Марыя Цімафееўна ў немагчыма далёкім 1963 годзе пайшла ў першы клас Рым­дзюнскай пачатковай школы. Вось што яна ўспамінае пра сваё школьнае жыццё:

– Бацька, Ці­ма­фей Аляк­сеевіч, у вайну быў партызанам брыгады ЦК КПБ, якая вызваляла Астравеччыну ад фашыстаў. І яго, як і многіх іншых таварышаў па зброі, пакінулі тут для ўстанаўлення савецкай улады. Тату прызначылі старшынёй рымдзюнскага калгаса. Там мы з братам нарадзіліся, там і ў школу пайшлі. 

Школа размяшчалася ў вялікім доме на хутары, па дарозе на Петрыкі. Далекавата, але ніхто нас туды не праводзіў, нават 1 верасня. І добра! Зімой я, ідучы ў школу, паспявала некалькі разоў скаціцца з горкі на партфелі. Ён моцны быў – усё вытрымліваў. Я яшчэ і ў Астравец з гэтым партфелем прыехала, у шосты клас з ім пайшла…

У пачатковай школе было 4 класы і дзве настаўніцы: з першым-другім займалася Антаніна Іосіфаўна Шляхтовіч, з трэцім-чацвёртым – Любоў Мікалаеўна Гайсёнак.

У школу я хадзіць любіла. Мароз пад 30 градусаў, старэйшы брат дома сядзіць, а мяне мама хусткай абвяжа – толькі вочы блішчаць, і паўзу ў школу. А як жа? Там жа батон з варэннем давалі! А яшчэ аднакласнік часта мёд прыносіў – смаката!

Неяк так загуляліся, залезшы пад парту, што не заўважылі, як у клас зайшла настаўніца. Антаніна Іосіфаўна зазлавалася: ну і сядзіце там увесь урок! А мы і рады… Сцягнулі ў некага абед з партфеля, пад’елі… Толькі ж потым нас пасля ўрокаў пакінулі, а дамоў трэба было ў час прыйсці. Ляцелі стрымгалоў!

Увогуле мы былі добрымі падшыванцамі… Цяпер самой успомніць страшна, як у крыгаход на Ашмянцы па льдзінах з берага на бераг перабягалі. А тады весела было! Бацькі пра тое, вядома ж, не ведалі, інакш атрымалі б на арэхі.
 
У пятым класе рымдзюнскія дзеці пайшлі хто ў Гервяцкую сярэднюю школу, хто ў Гірскую васьмігодку. Я за кампанію з сябрамі выбрала апошнюю. Дырэктарам школы быў Часлаў Казіміравіч Навіцкі, пазней ён працаваў у Варнянах. А яго жонка Ірына Францаўна была ў нас класным кіраўніком. Я артысткай была: і спявала, і танцавала, і канцэрты вяла. Падабалася!  

У 1968 годзе мы пераехалі ў Астравец. Адзіная школа тады размяшчалася ў будынку, дзе цяпер знаходзіцца карэкцыйны цэнтр. Я пайшла ў шосты клас. Класнай у нас была Ганна Іванаўна Герт. Усе ў нашым «А» класе вучылі англійскую мову. А я і яшчэ некалькі чалавек – нямецкую. Пакуль расклад адрэгулююць, мы, «немцы», урокі замежнай мовы прагульвалі. Халява! Але былі і цяжкасці. У Рымдзюнах і Гірах я вывучала не беларускую, а літоўскую мову. У Астраўцы ж давялося перавучвацца. Затое, калі прыходзілі пісьмы ад літоўскіх сяброў, з якімі наш клас перапісваўся, і яны дадавалі колькі сказаў па-літоўску, я, як знаўца, перакладала.

У  1970 годзе – я тады вучылася ў 8-м класе – пасля першай чвэрці школа справіла наваселле ў новым будынку – у той самай СШ №1, у якую сёлета прыйшла першакласніцай мая праўнучка Маша.

Больш як 50 гадоў мінула з часу заканчэння школы, а нібыта адзін дзень. І жыццё вось так незаўважна праляцела…

Праз 20 гадоў пасля маці, у 1983-м, пайшла ў школу яе дачка Наталля.

«Аднойчы настаўніца ўсяму класу паставіла «двойкі»

Успамінае Наталля Харытонава (Вайцяхоўская):

– Яшчэ і ў 1983 го­дзе ў Астраўцы была адна школа, другая толькі будавалася. Але вучняў было шмат, і ў будынку СШ №1 вучыліся толькі сярэднія і старэйшыя класы, пачаткоўцы, займаліся ў старым двухпавярховым корпусе сённяшняй СШ №2. Туды 1 верасня мама і прывяла мяне першы раз у першы клас. У тым годзе набіралі чатыры класы, і ў кожным было каля 30 вучняў.

Першую настаўніцу, вядома ж, помню. Як яе забудзеш? Юлія Васільеўна Тумкевіч і цяпер жыве ў суседнім доме, мы часта сустракаемся.

Яна вучыла нас усяму, а не толькі чытаць і пісаць. Успамінаю, калі заканчвалі першы клас, то на лінейку – а праводзілася яна на гарадской плошчы – прыйшлі адны, без бацькоў. Ужо ж амаль дарослыя!  І так нам хацелася прабегчы на вачах ва ўсіх праз усю плошчу, каб уручыць букет выступаючым гасцям, што мы ўсе кветкі раздарылі, настаўнікам не засталося. Юлія Васільеўна вельмі тактоўна падказала нам, як трэба было зрабіць…

А яшчэ памятаю, як аднойчы настаўніца ўсім нам паставіла «двойкі». Мы так дурэлі, што не заўважылі, калі пачаўся ўрок і яна зайшла ў клас. І ва ўсіх у дзённіках у той дзень красаваліся «лебедзі». У журнал яна, напэўна, адзнакі не паставіла, але мы пра гэта, вядома ж, не ведалі. Вельмі перажывалі. Сорамна было…

Яшчэ Юлія Васільеўна вучыла нас вязаць: усе дзяўчынкі хадзілі да яе на гурток, спачатку ў школу, а затым у Дом піянераў. У мамы, мусіць, і цяпер недзе ляжыць звязаны мной кручком павук. 

Настаўніца была строгай, але справядлівай. З трэцяга класа з намі вучылася яе малодшая дачка Таня. Ніякіх паблажак да яе не было, наадварот. Мама ж добра ведала, які з урокаў дачка не падрыхтавала, і абавязкова выклікала.  

Мы вучыліся ў 3-м класе, калі будаўніцтва другой школы завяршылі і нашу паралель падзялілі: два класы пайшлі ў першую школу, два засталіся ў другой. Дзялілі па вуліцах. Дзеці з мікрараёна, я ў тым ліку, пайшлі у СШ №1. І наша настаўніца, да вялікай нашай радасці, – з намі.

Потым класы яшчэ неаднойчы дзялілі, тасавалі, стваралі про­фільныя. Але ў памяці застаўся наш самы першы клас і  Юлія Васільеўна.

Мінула яшчэ 20 гадоў – і ў першы клас першай школы пайшла ўжо Даша Харытонава.

«Не хацела дарыць настаўніцы букет»

Успамінае Дар’я Кірпа (Харытонава):

– Я таксама пачынала вучыцца не ў школьным будынку. У першым класе мы займаліся ў садку. 

Памятаю, мама купіла мне вельмі прыгожы букет на 1 верасня: пяшчотна-ружовыя гваздзікі і белыя хрызантэмы. І ўпакоўка ружовая. Мне так хацелася пакінуць яго сабе! Але мама пераканала, што трэба падарыць першай настаўніцы. Прыйшла я з букетам на лінейку – і ўбачыла сваю выхавальніцу. Вырашыла, што, калі ўсё роўна гэтую прыгажосць трэба некаму аддаць, то лепш ёй: выхавальніцу я добра ведала і любіла, а настаўніца – нейкая незнаёмая цётка. Шкада ёй такія прыгожыя кветкі дарыць… Але ў выніку ўсё ж паслухалася маму. Я ўвогуле была паслухмянай дзяўчынкай…

Першай настаўніцай у мяне была Тарэса Уладзіславаўна Ластоўкая. Вельмі добрая – як мама. Сёння я магу сказаць, што яна – сапраўдны прафесіянал, ведае сваю справу, любіць дзяцей, а гэта галоўнае ў рабоце настаўніка. А тады нам, малышам, было проста вельмі цёпла, добра і ўтульна ў школе. Тарэса Станіславаўна ўсю сябе аддавала дзецям! 

І калі паўстала пытанне падрыхтоўкі да школы старэйшай дачушкі, то пытання, каго папрасіць з ёй пазаймацца, не ўзнікла: вядома ж, Тарэсу Станіславаўну. Машы падабаліся заняткі з настаўніцай: кожны дзень прыходзіла дахаты з падарункамі. 

Нічога асаблівага са школы, тым больш з пачатковай, не запомнілася. Я ціхай, сарамлівай была, усяго баялася. У мяне нават сяброўкі было толькі дзве: з Насцяй Раждзествінай мы жылі ў суседнім пад’ездзе і заўсёды разам ішлі ў школу: то яна за мной заходзіла, то я за ёй. А з Вікай Вісацкайтэ яшчэ ў садок у адну групу хадзілі… 

«У школу хачу толькі крышачку»

Увесь час, пакуль размаўляла з мамай, бабуляй, прабабуляй, мяне тузала будучая першакласніца Маша Кірпа:

– А вы ў мяне што-небудзь спытайце пра школу… Калі мама і бабуля вам усё растлумачаць, можна, і я скажу?

Канешне ж, можна, Маша!

Інтэрв’ю з будучай першакласніцай пача­лося з традыцыйнага ў такіх выпадках пы­тання: ці хочацца ёй у школу?

– Не, не хочацца, – шчыра прызналася Маша. – Можа, толькі крышачку. 

А ведаеце, што мне больш за ўсё падабаецца ў школе? Матэматыка! І яшчэ я люблю маляваць. Але не заўсёды, а толькі тады, як мне хочацца. А больш мне ў школе нічога не падабаецца.

– Але ж, можа, у школе будзе і нешта добрае?

– Добрае будзе матэматыка і маляванне. А яшчэ там можна будзе спаць, абедаць і гуляць на вуліцы. А больш я нічога не хачу, ніякіх заняткаў. Яшчэ ў школе нельга бегаць, мне гэта таксама не падабаецца. 

– Дык, можа, і зусім не ісці ў тую школу? Папрасі маму з татам, каб цябе яшчэ на год пакінулі ў садку…

– Дык выпускны ж ужо прайшоў! І пенал мне купілі…Што, ён будзе ляжаць цэлы год?  Ён жа цвіллю пакрыецца. Не, давядзецца ісці…

– Ты ўжо ведаеш сваю настаўніцу?

– Я ведаю. што яе завуць як маю маму, – Дар’я. А імя па бацьку, як у бабулі, – Уладзіміраўна. Я думаю, што яна не будзе вельмі строгай.

Ой, стамілася я тут з вамі… Мне трэба дзіцяці памперс памяняць…

Бярэ ляльку і ідзе ў свой пакой…

Текст: Нина Рыбик