photo 5291790662821346677 yУ Мінадукацыі адбылася сустрэча педагогаў з народным настаўнікам Беларусі Альфрэдам Ладыкам. Якія пытанні яму задавалі?

3.9.2025

Педагог з вялікай літары, чалавек справы, сціплы працаўнік — такія эпітэты гучалі ў адрас народнага настаўніка Беларусі Альфрэда Ладыкі пасля сустрэчы з настаўніцкай грамадскасцю ў Міністэрстве адукацыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Вітаючы ганаровага госця, міністр адукацыі Анд­рэй Іванец адзначыў, што, нягледзячы на гарачы для школ час, запрасілі Альфрэда Антонавіча на сустрэчу, каб зара­дзіцца на ўвесь навучальны год.

— Настаўнік — адна з самых муд­рых і добрых прафесій. Гэта прызванне, якое патрабуе не толькі ведаў, але і душэўнай шчодрасці, цярпення і падзвіжніцтва. Высакародная, самаадданая і запатрабаваная праца педагога заўсёды карысталася асаблівай павагай у беларускім грамадстве. І мы вельмі ўдзячны кіраўніку нашай дзяржавы за падтрымку і ўвагу да адукацыйнай галіны, — зазначыў міністр.

Сустрэча з настаўнікам матэматыкі гімназіі № 1 Ліды была шчодрай на эмоцыі, разважанні і пажаданні. У зале саб­раліся педагогі розных пакаленняў — маладыя настаўнікі, пераможцы конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2023”, удзельнікі клуба “Крыштальны журавель”, выкладчыкі Акадэміі адукацыі. Дзякуючы Альфрэду Антонавічу, адбыўся сапраўдны дыялог пакаленняў. За яго плячыма — педагагічны шлях даўжынёй у дзесяцігоддзі, а гэта вопыт, каштоўны і такі неабходны маладым.

Нездарма яны ўсё задавалі і задавалі свае пытанні. Ці сутыкаліся з расчараваннямі ў прафесіі? Як адпачываеце ад няпростых школьных будняў? Што больш важна: працэс навучання або вынік? Як падрыхта­ваць пераможцу алімпіяды? Як суцешыць вучня, калі ён прайграў? Ці патрэбна матэматыка ўсім школьнікам? Як ставіцца да штучнага інтэлекту?

Альфрэд Антонавіч адказаў абсалютна на кожнае пытанне, паказаўшы сваю педагагічную гнуткасць. Калі коратка, то адзначу, што ў прафесіі народны настаўнік ніколі не расчароўваўся, як і ў сваіх вучнях. Адпачывае з сям’ёй на дачы, радуючыся дробязям. Важнейшы вынік, а не працэс, бо ён матывуе на рост. Суцешыць вучня не проста, але рабіць гэта трэба спакойна. Штучны інтэлект дапамагае як вучням, так і нас­таўнікам.

Былі пытанні і ад міністра адукацыі. Андрэй Іванавіч цікавіўся, як правільна падыходзіць да працэсу сацыялізацыі алімпіяднікаў, якіх, як вядома, называюць сацыяльнымі абарыгенамі? І ці правільна зрабілі, што ў вочна-дыстанцыйнай школе алімпіяднага руху, якую запусцілі ў мінулым годзе, увялі дзве намінацыі — “Вучань” і “Настаўнік”?

Падчас адказу на пытанні міністра Альфрэд Антонавіч заўважыў, што сярод яго алімпіяднікаў сацыяльных абарыгенаў няма. Усе сталі паспяховымі спецыялістамі ў выбранай прафесіі. А ў яго скарбонцы дасягненняў, між іншым, 400 перамог вучняў, у тым ліку і на міжнароднай арэне. А вось што ў вочна-дыстанцыйнай школе алімпіяднага руху асобна вылучылі настаўніка — вельмі правільна. Калі не будзе педагога, здольнага падрыхта­ваць навучэнца да алімпіяды, мы рызыкуем страціць наш інтэлектуальны патэнцыял.

Падрыхтоўка да алімпіяды — справа не проста адказная, яна яшчэ патрабуе вялікай самааддачы, глыбокіх ведаў і многа гадзін вольнага часу як ад педагога, так і ад вучня. Як заўважыў Альфрэд Антонавіч, алімпіяда па матэматыцы — гэта не толькі праверка адукацыйных дасягненняў навучэнцаў, але і пазнавальныя, інтэлектуальна-пошукавыя спаборніцтвы школьнікаў у творчым прымяненні ведаў, уменняў, навыкаў па рашэнні нестандартных задач і задач павышанай складанасці.

І, канечне, падрыхтоўка да алімпіяды і падрыхтоўка да ЦЭ або ЦТ — абсалютна розныя рэчы. Але і тут народны настаўнік дасягнуў поспеху. У прыватнасці, з 2023 па 2025 год 16 яго вучняў атрымалі 100-бальныя сертыфікаты на ЦТ па матэматыцы.

Сярод педагагічных пастулатаў Альфрэда Антонавіча ёсць і такі: якім бы прафесіяналам ты ні з’яўляўся, увесь час павінен працаваць над сабой. І ён працуе — выступае ў ролі лектара падчас павышэння кваліфікацыі калег у абласным інстытуце развіцця адукацыі, з’яўляецца ўдзельнікам інавацыйных праектаў, друкуецца ў “Настаўніцкай газеце”, з’яўляец­ца членам журы на алімпія­дзе, працуе не толькі з адоранымі дзецьмі. Дарэчы, лічыць, што матэматыка патрэбна не ўсім. Разам з тым ключ яго поспеху просты — любіць і разумець абсалютна кожнага вучня.

Источник: https://nastgaz.by