IMG_9156.JPGЯкія новыя намінацыі і выпрабаванні прапануюць удзельнікам конкурсу «Настаўнік года — 2026»

27.8.2025

Новы навучальны год будзе азнаменаваны стартам конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь».

Што рыхтуюць для канкурсантаў арганізатары, даведалася карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Плануецца, што спаборніцтва пройдзе ў 9 намінацыях, сярод якіх ёсць новыя: «Малады дырэктар установы адукацыі, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі», «Малады настаўнік» і інш. У цяперашні час дапрацоўваюцца метадычныя рэкамендацыі па правядзенні конкурсу, якія будуць разасланы ў рэгіёны.

Як расказала начальнік цэнтра развіцця дадатковай адукацыі дарослых Акадэміі адукацыі Алена Аляксеева, актыўна вядзецца даконкурсная падрыхтоўка. У межах рэалізацыі рэспубліканскага праекта «Пытанне пераможцу» арганізоўваюцца анлайн-сустрэчы з пераможцамі і лаўрэатамі конкурсу «Настаўнік года», а таксама з кіруючымі работнікамі, якія дасягнулі высокіх вынікаў у сваёй дзейнасці. Пытанні развіцця прафесійнага майстэрства, даконкурснай падрыхтоўкі педагогаў уключаны ў мерапрыемствы перыяду паміж павышэннямі кваліфікацыі Акадэміі адукацыі для загадчыкаў, метадыстаў рэгіянальных ВМК, кіраўнікоў устаноў адукацыі. Арганізавана работа сеткавай пляцоўкі для загадчыкаў ВМК «Арганізуем метадычную работу якасна». Вялікую дапамогу аказваюць члены клуба «Крыштальны журавель», якія праводзяць семінары-акцыі, комплексныя выязныя заняткі ў межах рэалізацыі рэспубліканскага праекта «Рэспубліканская метадычная школа: урок ХХІ стагоддзя”, прымаюць удзел у калядных фестывалях педагагічнага майстэрства. 

А. Аляксеева паведаміла, што конкурс будзе складацца з 4 этапаў. Першы – адборачны – праводзіцца ва ўстанове адукацыі, другі – на ўзроўні раёна (горада), трэці – абласны (мінскі гарадскі). Заключны – рэспубліканскі – этап адбудзецца ў 2026 годзе напярэдадні Дня настаўніка. У намінацыях «Малады настаўнік» і «Малады дырэктар» конкурс пачынаецца з раённага этапу.           

На першым этапе рэкамендуецца правесці адкрыты ўрок і прадстаўленне вопыту на пасяджэнні педагагічнага ці метадычнага савета. Тэму вызначае сам удзельнік, які раскрывае напрамкі сваёй дзейнасці, падрабязна аналізуе пэўныя педагагічныя праблемы і прадстаўляе дасягнутыя навучэнцамі вынікі.

На другім (раённым) этапе прапануецца арганізаваць конкурсныя мерапрыемствы ў межах вочнага і завочнага тураў. Завочны будзе ўключаць пісьмовае прадстаўленне вопыту ўласнай педдзейнасці (у намінацыях «Малады дырэктар», «Малады настаўнік» – у форме матывацыйнага ліста «Першыя крокі ў прафесію»), конкурс-праект урока па прапанаванай журы тэме (у намінацыі «Малады дырэктар» – метадычнай распрацоўкі пасяджэння метадычнага савета). На вочным туры другога этапу ўдзельнікаў чакаюць тры конкурсныя выпрабавані: самапрэзентацыя канкурсанта, дзе павінны быць адлюстраваны напрамкі і вынікі яго педагагічнай ці кіраўніцкай дзейнасці, правядзенне адкрытага ўрока ў незнаёмым класе па тэме, указанай журы, і самааналіз (у намінацыі «Малады дырэктар» – пасяджэнне педагагічнага савета), публічнае выступленне на зададзеную тэму.

Мадэль правядзення конкурсу на трэцім этапе ўключае мерапрыемствы завочнага і вочнага тураў. Завочны прадугледжвае прэзентацыю праекта ўрока па прапанаванай журы тэме (у намінацыі «Малады дырэктар» – метадычнай распрацоўкі пасяджэння педагагічнага савета), пісьмовае прадстаўленне вопыту педагагічнай дзейнасці (маладыя педагогі пішуць эсэ). Сярод мерапрыемстваў першага вочнага тура візітоўка (напрыклад, для маладога дырэктара – «Я і мая каманда»), правядзенне ўрока ў незнаёмым класе і яго саманаліз (для маладога дырэктара – бацькоўскага сходу па вызначанай тэме), майстар-класа для студэнтаў і педагогаў,  псіхолага-педагагічнае тэсціраванне. Вочны тур прадугледжвае міні-ўрок на сцэне па заяўленай аргкамітэтам тэме, публічнае выступленне і прафесійную дыскусію.

На чацвёртым (заключным) этапе конкурсу прымаюць удзел па 9 прадстаўнікоў ад кожнай вобласці і Мінска – пераможцы ў кожнай намінацыі. Апошні этап складаецца з завочнага і вочнага тураў фіналу і суперфіналу конкурсу. Завочны этап фіналу ўключае пісьмовае прадстаўленне вопыту ўласнай педагагічнай дзейнасці (у намінацыі «Малады настаўнік» – праекта урока па прапанавай аргкамітэтам тэме, у намінацыі «Малады дырэктар» – метадычнай распрацоўкі пасяджэння метадычнага савета па прапанаванай тэме). Вочны этап складаецца з самапрадстаўлення абласных каманд і Мінска, у якіх адлюстроўваюцца дасягненні рэгіёна і паказана роля педагогаў у развіцці адукацыі, комплекснага пісьмовага задання на ацэнку прафесійных кампетэнцый (на вырашэнне канфліктных сітуацый, складанне сітуацыйных заданняў і інш.). У намінацыі «Малады дырэктар» будуць заданні на ацэнку прафесійных кампетэнцый па развіцці ўстановы адукацыі па тэме, акрэсленай аргкамітэтам. Таксама плануецца правядзенне ўрока ў незнаёмым класе (для маладога дырэктара — пасяджэння педагагічнага савета), майстар-клас, педагагічнае і псіхалагічнае тэсціраванне і публічнае выступленне перад педагагічнай грамадскасцю.

Суперфінал уключае брыфінг «Размовы пра галоўнае» (адказы суперфіналістаў на пытанні грамадскасці, прадстаўнікоў СМІ), міні-ўрок на сцэне і публічнае выступленне па прапанаванай тэме. Пераможца вызначаецца па суме набраных балаў.

***

P.S: Дадзены пералік конкурсных мерапрыемстваў быў прадстаўлены для ўдзельнікаў семінара-нарады і абмяркоўваўся ў межах секцыі “Падрыхтоўка і правядзенне рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2026”. Фінальны пералік конкурсных мерапрыемстваў і іх змест будзе падрабязна апісаны ў метадычных рэкамендацыях па арганізацыі і правядзенні конкурсу. Пасля зацвярджэння ў Міністэрстве адукацыі гэтыя метадычныя рэкамендацыі будуць накіраваны ў рэгіёны.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з архіва рэдакцыі