Таццяна Аксаміт — пра дасягненні, планы і падтрымку маладых педагогаў у Гродзенскім раёне
26.8.2025
Сістэма адукацыі Гродзенскага раёна — прыклад стабільнага развіцця і лідарства. Аб дасягненнях і планах, сакрэтах поспеху і падтрымцы маладых педагогаў — у размове карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” з начальнікам упраўлення адукацыі Таццянай Аксаміт.
— Як выглядае сістэма адукацыі раёна ў лічбах?
— Гэта 46 устаноў, уключаючы 19 дзіцячых садоў і 22 школы (у тым ліку 3 — абласнога падпарадкавання). Навучанне і выхаванне ў іх у мінулым навучальным годзе было арганізавана для 1369 выхаванцаў і 4622 навучэнцаў. Для ўсіх, хто мае патрэбу, а гэта каля тысячы чалавек, штогод арганізуем бясплатны падвоз.
Галоўная роля ў адукацыі раёна адведзена вялікай педагагічнай камандзе, якая з кожным годам папаўняецца новымі кадрамі. Ва ўстановах адукацыі раёна сёння працуюць 76 маладых спецыялістаў, 22 з якіх — мэтавікі. Да пачатку новага навучальнага года чакаем яшчэ 57 маладых спецыялістаў, з іх 24 пачнуць свой шлях у педагогіцы па мэтавых накіраваннях.
— Як будуеце работу з маладымі спецыялістамі?
— Вялікую ўвагу ўдзяляем рабоце з пачынаючымі педагогамі і сумесна з кіраўніцтвам устаноў адукацыі ствараем усе ўмовы для іх паспяховай самарэалізацыі і шчырай зацікаўленасці ў гэтым. Так, усе маладыя спецыялісты ў нас маюць надбаўку за кантрактную форму найму не ніжэйшую за 50%, дадатковыя дні да працоўнага адпачынку. Акрамя таго, тым, хто завяршыў навучанне з адзнакай, атрымаў акадэмічную ступень магістра ці працягвае навучанне завочна на платнай аснове, устанаўліваецца надбаўка да акладу, прымяняюцца меры матэрыяльнага стымулявання. Маладым педагогам трэцяга года работы захоўваюцца ўсе стымулюючыя выплаты, а тым, хто працуе па мэтавых накіраваннях, — да заканчэння тэрміну адпрацоўкі. Наладжана дапамога ў найме жылля.
Што тычыцца метадычнай работы з моладдзю, то ў раёне арганізавана настаўніцтва, працуе школа маладога педагога, праводзяцца кансультацыі і сумесныя заняткі, майстар-класы і семінары, тыдні маладога педагога, забяспечаны доступ да сучасных педагагічных тэхналогій і матэрыялаў пасяджэнняў раённых вучэбна-метадычных аб’яднанняў… І гэта далёка не поўны пералік важных мер па падтрымцы пачынаючых у прафесіі.
— Лета ў адукацыі — не час для адпачынку. Як у раёне арганізавана аздараўленне школьнікаў?
— Калі гаварыць у лічбах, то лета-2025 у Гродзенскім раёне толькі па папярэдніх падліках — гэта 36 дзіцячых аздараўленчых лагераў і звыш 2,4 тысячы адпачыўшых дзяцей. Прычым больш чым для 1,4 тысячы дзяцей якасны вольны час арганізуецца ў лагерах з кругласутачным знаходжаннем, а гэта 54% ад агульнай колькасці навучэнцаў.
Падкрэслю, што ў прыведзенай вышэй фармулёўцы галоўнае слова — “якасны”! Так, на працягу ўжо 13 гадоў наш дзіцячы аздараўленчы лагер “Сузор’е” займае прызавыя месцы ў рэспубліканскім конкурсе на лепшы аздараўленчы лагер. У 2024 годзе ён заняў 1-е месца ў намінацыі “Лепшы загарадны аздараўленчы лагер” і 1-е месца на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства “Мар! Дзейнічай! Перамагай!”.
Дадам таксама, што ў кожным аздараўленчым лагеры праходзяць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Года добраўпарадкавання. На працягу аздараўленчага сезона ў прышкольных аздараўленчых лагерах рэалізуецца
14 праектаў, прымеркаваных да 80-годдзя Перамогі.
— А што наконт падрыхтоўкі да новага навучальнага года?
— Кожны год у нас праводзіцца значная работа па ўмацаванні матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі. Вялікую дапамогу ў гэтым аказваюць райвыканкам, сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна. Каб не быць галаслоўнай, прывяду прыклады.
Толькі за апошнія пяць гадоў праведзена рэканструкцыя будынкаў сярэдняй школы № 1 імя В.Р.Пяшко ў Скідзелі і Раціцкай сярэдняй школы, узведзены новы будынак дзіцячага сада ў Скідзелі, рэканструявана 5 спартыўных аб’ектаў.
Гэта стадыён у Гожскай, Луцкаўлянскай і Путрышкаўскай сярэдняй школе імя Ф.Л.Крайніка, басейн у Свіслацкай сярэдняй школе, а таксама спартыўныя пляцоўкі ў Верцялішкаўскай школе.
Гэтым летам бягучыя рамонты праходзяць ва ўсіх установах адукацыі. Маштабныя ж работы актуальныя для Капцёўскай сярэдняй школы і дзіцячага сада аграгарадка Путрышкі. Толькі на апошнія два аб’екты з раённага бюджэту выдзелена больш за 700 тысяч рублёў.
Падкрэслю: усе рамонтныя і будаўнічыя работы будуць выкананы своечасова і завершацца да пачатку навучальнага года. А 1 верасня педагагічная сям’я раёна разам з вучнямі пачне пісаць новую старонку летапісу перамог і дасягненняў.
***
Сістэма адукацыі раёна з 2021 года займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці па шэрагу напрамкаў. Гэта і якасць дашкольнай адукацыі, і інфармацыйнае забеспячэнне, і работа па рэалізацыі правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, і развіццё спорту… Штогод установы адукацыі раёна атрымліваюць статус лепшых у рэспубліцы і вобласці. Лагер “Сузор’е” — у лідарах па арганізацыі летняга аздараўлення. У мінулым годзе сярод сельскіх школ вобласці лепшай стала Путрышкаўская сярэдняя школа імя Ф.Л.Крайніка.
За апошнія 5 гадоў вучні раёна заваявалі 45 дыпломаў у абласным конкурсе даследчых работ “Хрустальная Альфа” і 6 — у рэспубліканскіх. Прычым 2 дыпломы рэспубліканскага значэння яны атрымалі ў 2025 годзе.
Выніковы і ўдзел дзяцей у спартыўных мерапрыемствах — 64 прызавыя месцы на ўзроўні вобласці і рэспублікі па выніках толькі мінулага навучальнага года.
Сёлета ў Гродзенскім раёне было 213 выпускнікоў і 23 медалісты, якія паспяхова пацвердзілі свае веды. У скарбонцы поспехаў — 7 стабальных сертыфікатаў і прыклады адразу двух максімальных вынікаў у выпускнікоў сярэдняй школы № 1 імя В.Р.Пяшко і сярэдняй школы № 3 імя Я.М.Шаўчэнка ў Скідзелі, Абухаўскай сярэдняй школы імя І.П.Сянько. Кожны выдатны прыклад — вынік сумеснай працы вучня і педагога.
Больш за 90 балаў у раёне атрымалі 29 выпускнікоў. Некаторыя з іх былі ўсяго ў адным кроку ад максімальнай лічбы ў сертыфікаце.
Источник: https://nastgaz.by