Летнік Карэліцкага раёна стаў для Алены і Аляксея Буй зыходным пунктам іх сямейнай гісторыі
12.8.2025
Алена і Аляксей Буй расказалі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”, як ствараўся іх педагагічны дуэт і як крочаць разам па жыцці ў “турыстычным тэмпе”.
Асаблівая атмасфера
— Калі ў нас пытаюцца, дзе мы пазнаёміліся, з жартам адказваем: “У лесе сустрэліся”. Так і крочым разам па жыцці ў так званым турыстычным тэмпе: падчас навучальнага года вандруем па свеце ведаў і новых уменняў разам з вучнямі, а самыя працяглыя канікулы сёлета праводзім у летніку “Вясёлка”, — расказваюць настаўнікі сярэдняй школы № 1 гарадскога пасёлка Карэлічы.
Яна адкрывае школьнікам дзверы ў свет ведаў па замежнай мове. Ён выкладае ўрокі фізічнай культуры і здароўя. А дома прадстаўнікі педагагічнага дуэта рэалізуюць сябе ўжо ў статусе бацькоў.
Упершыню летні адпачынак правялі ў лагеры ў 2009 годзе. Гэтай традыцыі прытрымліваліся на працягу некалькіх гадоў да з’яўлення дачкі. А як толькі дзяўчынка з прыгожым імем Васіліна пайшла ў школу, аднавілі гэтую практыку.
— Сёлета еду ў лагер чацвёрты раз, і падабаецца тут мне адразу па некалькіх прычынах. І таму, што мама побач, і таму, што гэтае месца дорыць шмат новых сяброў. Са сваёй лепшай сяброўкай, напрыклад, некалькі гадоў назад я пазнаёмілася менавіта ў лагеры. Сёлета я вельмі старанна рыхтавалася да паездкі. Намалявала шмат малюнкаў-плакатаў, якімі ўпрыгожыла пакой, дзе жыву. Мама працуе ў летніку выхавальніцай, таму ў мяне ёсць вялікая перавага: заязджаю разам з ёй за дзень да старту змены і магу выбраць пакой і ложак без усялякай канкурэнцыі, — са шчырай усмешкай адзначае малодшая прадстаўніца сям’і Буй.