Актуальны каментарый. Для дзяцей і бацькоў прынцыповых змяненняў нямаАктуальны каментарый. Для дзяцей і бацькоў прынцыповых змяненняў няма

4.8.2025

З 1 верасня ўступае ў сілу новая рэдакцыя інструкцыі аб парадку сацыяльна-педагагічнай падтрымкі навучэнцаў і аказання ім псіхалагічнай дапамогі, зацверджаная пастановай Міністэрства адукацыі ад 25 чэрвеня 2025 года № 113.

Што рэгулюе новы нарматыўны акт, расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:

– Страціла сілу ранейшая пастанова Міністэрства адукацыі ад 20 верасня 2022 года № 328 “Аб сацыяльна-педагагічнай падтрымцы навучэнцаў і аказанні ім псіхалагічнай дапамогі”. У цэлым работа педагога-псіхолага і сацыяльнага педагога застаецца без прынцыповых змяненняў, аднак у інструкцыі дакладна вызначаны іх функцыі. Зроблена гэта для таго, каб выключыць прыцягненне такіх спецыялістаў да неўласцівых задач і вядзення непрадугледжаных дакументаў. У папярэдняй пастанове акцэнт быў зроблены на рабоце педагога-псіхолага, у новым нарматыўным акце ўвага ў роўнай меры надаецца абодвум спецыялістам, дакладна прапісаны іх абавязкі ва ўстановах адукацыі, каб стварыць вычарпальны пералік іх задач.

Да асноўных напрамкаў работы па-ранейшаму адносяцца: дапамога ў вырашэнні праблем сацыялізацыі навучэнцаў, удакладненне іх асаблівасцяў, інфармаванне ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу аб магчымасцях атрымання сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі, выяўленне магчымага гвалту ў адносінах да дзяцей і рызыкі суіцыдальных паводзінаў непаўналетніх.

Больш дакладна ў інструкцыі распісаны патрабаванні да графіка работы спецыяліста, аб’ёму дакументацыі. Напрыклад, што тычыцца рэжыму працоўнага часу, дакумент вызначае, што спецыялісты могуць працаваць з дзецьмі як індывідуальна, так і ў групах, яны ўпаўнаважаны прысутнічаць на занятках, уроках, розных выхаваўчых мерапрыемствах.

Па-ранейшаму акцэнт у рабоце педагога-псіхолага робіцца на фарміраванні псіхалагічнай культуры ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, уключаючы бацькоў, педагогаў і дзяцей.

Практычна ва ўсіх установах адукацыі сёння працуюць сацыяльныя педагогі і педагогі-псіхолагі. Калі гэта не прадугледжана штатным раскладам, аддзел адукацыі замацоўвае іншую ўстанову ці арганізацыю, якая можа аказаць дапамогу дзецям і педагогам гэтай установы.

Такім чынам, для дзяцей і бацькоў нічога прынцыпова не мяняецца: спецыялісты застаюцца даступнымі і выконваюць тыя ж функцыі, што і раней. Яны прысутнічаюць у адукацыйнай установе на працягу працоўнага дня, іх кабінет заўжды адкрыты для дзяцей. На дзвярах кабінета размяшчаецца графік работы, каб навучэнцы ведалі, калі могуць прыходзіць. Спецыялісты таксама працуюць у суботу і за межамі вызначанага рабочага часу, што дазваляе ім сустракацца і займацца з дзецьмі па-за ўрокамі і мерапрыемствамі.

Источник: https://diatlovonews.by