Маштабныя работы ахапілі ўстановы адукацыі Дзятлаўшчыны: што чакае вучняў і дашкалят

1.8.2025

Як ідуць рамонтныя работы ва ўстановах адукацыі Дзятлаўскага раёна, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Пад надзейным дахам

У гімназіі № 1 райцэнтра — капітальны рамонт даху.

У чэрвені, практычна адразу пасля завяршэння экзаменацыйнай пары для дзевяцікласнікаў і выпускнога вечара, на тэрыторыі ўстановы пачаўся актыўны рух будаўнічых брыгад. Сёння частка запланаваных работ набліжаецца да фінішнай прамой. З кабінета дырэктара адкрываецца цудоўны від на абноўлены пакаты дах чырвонага колеру.

— Пад статусам гімназіі летапіс нашай установы адукацыі пачаўся з 2013 года. Да гэтага да адукацыйных вяршынь вялі навучэнцаў як сярэдняя школа № 2. У цэлым жа ўзрост будынка — больш за паўстагоддзя, і цяперашняе абнаўленне даху вельмі своечасовае, — гаворыць дырэктар гімназіі Вераніка Фабішэўская.

У гэтым годзе пры падтрымцы раённай улады тут замянілі 27 вокнаў і 5 дзвярэй. Істотна абнавілася фае перад актавай залай. Аналагічныя змены гэтым летам чакаюць таксама рэкрэацыі другога паверха гімназіі.

— Працуем у тым ліку над тым, каб атрымаць статус установы з прадуманым і добра арганізаваным безбар’ерным асяроддзем. Гаворка ідзе не толькі пра пандус на ўваходзе. У адпаведнасці з існуючымі патрабаваннямі і нормамі ў нас пераабсталюецца санітарны вузел першага паверха, з’явяцца таблічкі з дубліраванай шрыфтам Брайля інфармацыяй аб установе адукацыі і не толькі, — працягвае Вераніка Пятроўна.

Касметычныя рамонты практычна завершаны ва ўсіх навучальных кабінетах. Гэтыя работы па традыцыі выконваліся сіламі калектыву ўстановы адукацыі, а пасільную дапамогу ў рамонце школьнай мэблі не так даўно аказвалі ў тым ліку выхаванцы лагера працы і адпачынку “КРУТА”. Гэтым летам з карысцю для сябе і гімназіі тут праводзілі час 15 навучэнцаў.

— Акрамя таго, вя­дзецца вялікая работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Напрыклад, у кабінеце працоўнага навучання для дзяўчынак у гэтым годзе з’явіліся сучасныя швейныя машынкі, істотна абнавілі гардэроб для вучняў малодшых класаў, а ў кабінеты для нашых пачаткоўцаў закупілі новыя індывідуальныя шафы, — дадае дырэктар.

Яшчэ адзін адрас капітальнага рамонту даху — Гезгалаўская сярэдняя школа імя М.І.Нядзеліна. Як адзначыла начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Марына Лашкоўская, работы па гэтай школе першапачаткова былі спланаваны на 2026 год:

— Згодна з рашэннем старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, з раённага бюджэту былі выдзелены значныя сродкі ў тым ліку на капрамонт даху гэтай школы. Як вынік, сёння ў раёне ні адна ўстанова не будзе мець патрэбу ў работах такога плана. І гэта толькі адзін прыклад, які наглядна дэманструе стаўленне кіраўніцтва раёна да сферы адукацыі — таго асяроддзя, у якім выхоўваецца наша агульная будучыня — моладзь.

Абноўкі для дашкалят

Значныя змены да новага навучальнага года адбываюцца і ва ўстановах дашкольнай адукацыі раёна.

У дзіцячым садзе № 2 Дзятлава завяршаюцца работы па абнаўленні фасада.

— Мінулым летам у нас быў адрамантаваны харчаблок, і абеды дашкольнікаў сталі яшчэ смачнейшымі. А тыя дзеці, якія сёння адпачываюць разам з бацькамі і выйдуць бліжэй да верасня, не пазнаюць установу, — з усмешкай адзначае загадчыца дзіцячага сада Святлана Ус.

Сёння дзіцячы сад наведваюць 168 выхаванцаў. Па словах кіраўніка ўстановы, бацькі заўсёды адзначаюць, як шмат робіцца для камфорту іх малых, і актыўна праяўляюць ініцыятыву ў справе добраўпарадкавання тэрыторыі дзіцячага сада.

Яшчэ адзін адрас вялі­кага абнаўлення для дашкольнікаў — Казлоўшчынскі дзіцячы сад.

— На працягу апошніх чатырох гадоў мэтанакіравана рухаемся да справядлівасці азначэння “сучасная ўстанова”. Практычна поўнасцю замянілі мэб­лю ў групавых памяшканнях, часткова абнавілі гульнявое, надворнае і спартыўнае абсталяванне, камп’ютарную тэхніку. Толькі гэтым летам абнавілі ўваходную групу і прыступілі да рамонту санітарнага вузла ў старэйшай групе. І ўсё ж галоўныя работы сканцэнтраваны на харчаблоку, — гаворыць падчас экскурсіі па ўстанове загадчыца дзіцячага сада ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына Лілія Лішык.

Толькі на работы тут з раённага бюджэту ў гэтым годзе выдзелена больш за 180 тысяч рублёў. Харчаблок будзе абсталяваны па апошнім слове тэхнікі: закуплены сучасныя пліта, параканвектамат, халадзільнае абсталяванне. Усе памяшканні ўладкаваны згодна з сучаснымі патрабаваннямі і выглядаюць вельмі эстэтычна нават да выніковай здачы аб’екта.

— Ужо ў пачатку жніўня будуць завершаны ўсе работы, і нашы выхаванцы змогуць ацаніць смак абедаў ад кухараў харчаблока, — звяртае ўвагу Лілія Мікалаеўна.

Сёння Казлоўшчынскі дзіцячы сад аб’ядноўвае больш за 60 выхаванцаў. Яшчэ дзевяць малых наведваюць дашкольную ўстанову ў групе кароткачасовага знаходжання. Пазнавальныя дыялогі і цікавы вольны час для дзяцей арганізуюць 12 педагагічных работнікаў.

Спартыўным дасягненням быць!

Адрас спартыўных абнаўленняў — Новаяльнянская сярэдняя школа імя А.А.Шаўчук.

У вучэбных кабінетах ужо наводзяць парадак да новага навучальнага года пасля касметычных рамонтаў. А дзеці, ды і дарослыя жыхары Наваельні, раз-пораз спяшаюцца зазірнуць на школьны стадыён, дзе вядуцца вялікія работы і ідзе каласальнае абнаўленне.

— Сапраўдным цэнтрам прыцягнення для моладзі і жыхароў старэйшага ўзросту на нашай тэрыторыі стала сучасная варкаўт-пляцоўка. І яна задала тон далейшым абнаўленням. Калі ў мінулым годзе ў добрае надвор’е нашы настаўнікі фізічнай культуры і здароўя праводзілі заняткі на стадыёне з суцэльным газонным пакрыццём, то зусім хутка ўсё зменіцца, — расказвае дырэктар школы Алена Круглова.

У пачатку ліпеня на стадыёне знялі слой грунту і размецілі будучыя бегавыя дарожкі, участак для здачы нарматыву бегу на 100 метраў. У цэнтральнай жа частцы бегавога круга сваё месца зойме сучасная шматфункцыянальная пляцоўка з мяккім пакрыццём.

Змогуць гуляць тут вучні і ў футбол, і ў валейбол, і ў баскетбол.

— Школьны стадыён набудзе завершаны выгляд. У далейшым, вельмі спадзяёмся, гэтае новаўвядзенне стане зыходным пунктам для значных спартыўных дасягненняў і перамог навучэнцаў, — дадае Алена Сцяфанаўна.

З улікам таго, што мінулы навучальны год завяршыўся для 243 навучэнцаў, пытанне новых перамог і дасягненняў — справа часу.

Источник: https://nastgaz.by