На 25 месцаў было пададзена 72 заявы. Як прайшоў набор у Гродзенскае абласное кадэцкае вучылішча
31.7.2025
У гэтым годзе на 25 месцаў у Гродзенскім абласным кадэцкім вучылішчы прэтэндавалі 72 учарашнія сямікласнікі.
А сярод дзяўчат конкурс склаў больш за 4 чалавекі на месца. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Як адзначыла галоўны спецыяліст аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Ірына Малевіч, гэта вынік якаснай прафарыентацыйнай работы, праведзенай калектывам вучылішча ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі вобласці. Але не меншае значэнне мае і тое, што сёлета кадэты дасягнулі значных вынікаў у сістэме кадэцкага руху.
— Безумоўна, вабіць школьнікаў захапляльнае, насычанае падзеямі кадэцкае жыццё. У гэтым годзе прыём дакументаў для паступлення ў нас па традыцыі пачаўся 1 чэрвеня. І ўсім кандыдатам на паступленне мы з гордасцю расказвалі пра традыцыі вучылішча і поспехі нашых навучэнцаў, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце вучылішча Наталля Мазюк.
Яна падкрэсліла, што званкі ад зацікаўленых у паступленні дзяцей і іх бацькоў паступаюць у вучылішча нават у пачатку навучальнага года. Загадзя будучыя абітурыенты цікавяцца, на што рабіць стаўку ў падрыхтоўцы.
— Кожны год іх чакае псіхалагічны адбор і праверка ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці, а таксама ўступныя выпрабаванні па матэматыцы, рускай або беларускай мове на выбар. У гэтым годзе прахадным па выніках двух пісьмовых выпрабаванняў для дзяўчат, напрыклад, стаў бал 16, для хлопцаў — 11, — дадае Наталля Мар’янаўна.
Высокі конкурс — крытэрый якаснага адбору будучых абаронцаў. Таму абласное кадэцкае вучылішча — гэта не толькі пра спартыўную загартоўку, выхаванне волі да перамог і камандны дух. Гродзенскія кадэты з году ў год заяўляюць пра сябе ў абласным конкурсе даследчых работ. У ліку лепшых сёлета яны былі і ў VII адкрытай ліцэйскай канферэнцыі “Береги честь смолоду”. Да таго ж папоўнілі рады выпускнікоў-максімалістаў па выніках экзаменаў у цэнтралізаванай форме. Так, выпускніца вучылішча Лізавета Смоліч з цэнтралізаваным экзаменам па грамадазнаўстве справілася на ўсе сто. Акрамя таго, Лізавета Смоліч і Наталля Сяба скончылі ўстанову адукацыі як залатыя медалісты. Усе сённяшнія выпускнікі 11 класа плануюць прадоўжыць навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі структур, якія захоўваюць бяспеку краіны.
— Патрыятызм — гэта тое, што першапачаткова прыводзіць да нас школьнікаў і падчас вучобы дапамагае ім быць у гушчы самых важных і значных падзей, — гаворыць Наталля Мазюк.
У гэтым годзе Міністэрствам адукацыі быў адзначаны ўдзел гродзенскіх кадэтаў у ваенным парадзе, прысвечаным 80-годдзю Вялікай Перамогі, які праходзіў у Мінску. Акрамя таго, поўным складам яны сталі героямі ваеннага парада ў Гродне.
На сістэмнай аснове праводзяць сустрэчы з гродзенскімі кадэтамі кіраўнікі сілавых структур абласнога ўзроўню. І гэта не проста матывацыйныя гутаркі аб сучаснасці і будучыні, а прадуманыя заняткі з карыснымі практычнымі ведамі і навыкамі.
Сёння ў вучылішчы набліжаюцца да завяршэння работы па бягучым рамонце. Побач з дзеючымі карпусамі працягваецца ўзвядзенне новага будынка інтэрната для кадэтаў. Пасля яго здачы лічбы штогадовага залічэння ў Гродзенскае абласное кадэцкае вучылішча павялічацца.
— Лета для нас — гэта час вялікай падрыхтоўкі да чарговай сустрэчы з кадэтамі. Для зноў залічаных навучэнцаў і іх бацькоў правялі арганізацыйную сустрэчу, азнаёмілі з умовамі вучобы, пражывання, забеспячэння форменным адзеннем. Сёння для іх адшываецца кадэцкая форма, і ўжо 29 жніўня, у дзень прыезду на вучобу, яны ўпершыню прымераюць яе. У канцы кастрычніка ва ўрачыстай атмасферы нашы навабранцы прымуць клятву кадэта, а страявы пляц вучылішча ў гэты дзень па традыцыі стане месцам матчыных слёз гордасці і пунктам адліку вялікіх надзей і новых перамог для будучых афіцэраў, — адзначае суразмоўніца.
***
У 2025 годзе гродзенскія кадэты сталі другімі ў Х Рэспубліканскай кадэцкай інтэлектуальна-творчай алімпіядзе “Патрыёт” і ў XII Рэспубліканскай спартакіядзе па ваенна-прыкладных відах спорту сярод навучэнцаў кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў і Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. Па выніках дзесяцідзённага вучэбна-палявога збору на базе Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь “Гатовы Радзіме служыць!” юныя патрыёты сталі лепшымі з лепшых сярод дзесяцікласнікаў кадэцкіх вучылішчаў краіны і Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча.
Источник: https://nastgaz.by