Picture backgroundМоладзь Астравеччыны разважае пра тое, што нас аб’ядноўвае 

16.09.2024

Дзяніс Юцкевіч, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі (23 гады): 

Дзяніс Юцкевіч

– Наш горад. Астравец унікальны па сваёй сутнасці: адначасова старажытны і малады. У ім гарманічна спалучаюцца гістарычная забудова цэнтра і новыя мікрараёны. Ён кампактны: за невялікі прамежак часу можна пешшу абысці ці аб’ехаць на веласіпедзе. А колькі цудоўных здымкаў зрабіць! 
Беларуская атамная электрастанцыя. Дзякуючы яе будаўніцтву з правінцыйнага гарадка Астравец стаў сталіцай энергетыкаў, з’явіліся новыя школы, спартыўныя аб’екты, гандлёвыя кропкі. 
Вера. Мне здаецца, што ў астраўчан моцныя духоўныя традыцыі, якія засталіся ім у спадчыну ад дзядоў. У нас многія людзі ходзяць у касцёл і царкву, у тым ліку моладзь. Гэта здорава!
Спагадлівасць, дабрыня, чуласць. Гэтыя рысы характэрны не толькі для астраўчан, але і для ўсіх беларусаў. Людзей шмат, і яны, безумоўна, розныя, але кожны, як зорка, са сваім унутраным святлом. Важна толькі яго разгледзець. 
Родны кут і спадчына. Астраўчане – не толькі гараджане, але жыхары нашага раёна. А ён без перабольшвання ўнікальны. Маляўнічая прырода, рэкі і азёры, гістарычныя помнікі прыроды – нам ёсць чым ганарыцца!

…МОЛАДЗЬ
Яўгеній Трафімчык, Міхалішкаўская СШ (16 гадоў):

Яўгеній Трафімчык

– Першае – гэта падабенства інтарэсаў. У любым калектыве, у тым ліку ў класе, – гэта адзін з немалаважных фактараў для самарэалізацыі, развіцця і руху наперад усёй групы.
Другое – гэта агульная справа. Нічога так не згуртоўвае і не з’ядноўвае, калі людзі сумесна нешта робяць, гэта можа быць вырашэнне інтэлектуальнай задачы ці практычнай праблемы.
Асобна выдзелю спорт і здаровы лад жыцця. Дзякуючы лёгкай атлетыцы і спаборніцтвам у мяне з’явіліся добрыя знаёмыя ў розных гарадах Беларусі, больш таго – у кожнай вобласці. На бегавой дарожцы мы супернікі, а ў жыцці – сябры. (Усміхаецца.) Здаровая канкурэнцыя стымулюе развівацца і быць лепшым. 
Да катэгорыі агульнай справы аднясу і алімпіядны рух, які назваў бы інтэлектуальным спортам. (Усміхаецца.) Гэты накірунак для мяне не новы, хоць у алімпіядзе па беларускай мове я з мінулага года, але неверагодна цікавы і пазнавальны ў першую чаргу не з-за прадмета, а з-за новых знаёмстваў. Летась атрымаў Дыплом ІІ ступені па беларускай мове. Летам усіх пераможцаў і прызёраў запрасілі ў аграгарадок Парэчча ў лагер «Навука», дзе сабраліся лепшыя школьнікі вобласці – інтэлектуальная эліта. Акрамя беларусаведаў, там былі біёлагі, гісторыкі, матэматыкі і фізікі. Два тыдні былі насычанымі не толькі на вучобу, мерапрыемствы і іншыя заняткі, але сумеснае баўленне часу. Разам мы думалі, пераадольвалі цяжкасці, перамагалі. Атрад нагадваў адзін жывы механізм, у якім былі больш важныя і другасныя дэтамі, але яго паспяховая работа залежала ад кожнага. 
Моладзь адначасова аб’ядноўвае і раз’ядноўвае імкненне да перамогі. Мы ставім мэты і дасягаем іх, але тут важную ролю адыгрываюць праца­здольнасць, планаванне і дысцыпліна
Імкненне да самаразвіцця, здаровы эгаізм – гэта ўсё пра нас. (Усміхаецца.)
Увогуле моладзь – гэта самая прагрэсіўная частка грамадства, ініцыятыўная, актыўная, думаючая, але ў кожнага яе прадстаўніка ёсць сваё ўнікальнае аблічча. 

Вольга Юралевіч, дзіцячы сад №5 (23 гады):

Вольга Юралевіч

– За адносна невялікі прамежак часу зразумела, што месца, дзе я працую, – гэта прастора маіх маленькіх творчых палётаў, дасягненняў, адкрыццяў. 
У любым калектыве, у тым ліку нашым, шмат залежыць ад асобы кіраўніка. Нам у гэтым сэнсе пашчасціла. (Усміхаецца.) 
Мы дружная каманда аднадумцаў. Упэўнена, што для кожнага з маіх калег, самае важнае – гэта ўзаемавыручка, падтрымка, разуменне, дапамога. А яшчэ – сумеснае баўленне часу. З многімі дзяўчатамі я не проста працую, а сябрую.
Важнае месца ў аб’яднанні калектыва адыгрывае прафсаюзная арганізацыя. Гэта экскурсіі, паездкі, паходы ў кіно… Яны вельмі згуртоўваюць. 
Што тычыцца непасрэдна нашага дзіцячага садка, то, безумоўна, аб’ядноўваюць выхаванцы – нашы хлопчыкі і дзяўчынкі. Гарэзлівыя, часам смешныя – яны самыя цудоўныя ў свеце дзеці і ў іх можна павучыцца сапраўднаму сяброўству і непасрэднасці. 
Залог здаровай атмасферы ў калектыве – узаемадапамога, узаемаразуменне і давер адзін да аднаго. Калі людзі аб’яднаны аднымі мэтамі, каштоўнасцямі, прынцыпамі ў рабоце, поспех абавязкова прыйдзе.

Па матэрыялах