“Заўтра” мы ствараем цяпер: жнівеньскі педагагічны форум на Дзятлаўшчыне

3.09.2024
У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава адбылася штогадовая жнівеньская нарада кіруючых і педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі раёна.
Педагогі Дзятлаўшчыны, прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх арганізацый, духавенства сабраліся, каб падвесці вынікі мінулага навучальнага года і акрэсліць новыя задачы.

Галоўнымі героямі форуму сталі педагогі, якія сёлета прыбылі ў раён на сваё першае рабочае месца. Калектывы навучальных установаў папоўніліся 17 маладымі спецыялістамі, сярод якіх – выхавальнікі ўстановаў дашкольнай адукацыі, настаўнікі пачатковых класаў, фізічнай культуры, замежнай мовы, педагогі-псіхолагі. Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская павіншавала маладыя кадры з пачаткам працоўнага шляху на Дзятлаўшчыне. Разам са старшынёй раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі Тамарай Юранковай яна ўручыла настаўнікам памятныя падарункі.

У ходзе работы форуму праект “Марафон Вялікай Перамогі, або Новае пакаленне: аб вайне, перамозе, мірным часе” прадставілі навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава; тэму фарміравання ў моладзі актыўнай грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму раскрылі ўдзельнікі патрыятычнага клуба “Мужнасць” Казлоўшчынскай сярэдняй школы; да дыялогу “З чаго пачынаецца Радзіма?” запрасіў удзельнік патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці-2024”, навучэнец сярэдняй школы № 3 імя І. Ю. Філідовіча Станіслаў Якаўчык.













