«Дзеці прынеслі ў маё жыццё вялікую радасць». Шматдзетны бацька з аграгарадка Абухава Аляксандр Арцукевіч – герой праекта «Ганаруся табой, Бацька»«Дзеці прынеслі ў маё жыццё вялікую радасць». Шматдзетны бацька з аграгарадка Абухава Аляксандр Арцукевіч – герой праекта «Ганаруся табой, Бацька» 

 

18.07.2024

З жонкай яны выхоўваюць пяцёра дзяцей.

«Гродзенская праўда» сумесна з галоўным упраўленнем адукацыі аблвыканкама і камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама запускае новы праект «ганаруся табой, БАЦЬКА».

У ім мы раскажам аб прадстаўніках моцнага полу, якія з’яўляюцца не толькі надзейнай апорай для сваёй сям’і, таленавітымі кіраўнікамі і прафесіяналамі ў сваёй справе, але і выдатнымі бацькамі. Нашы героі падзеляцца сакрэтамі, як дасягнуць поспеху ва ўсім і адразу, у чым для іх крыніца сілы і натхнення і як гэта – ведаць, што ты лепшы бацька на свеце.  

Няхай жывуць традыцыі

Аляксандр Мікалаевіч родам з невялікай вёскі Курпікі Гродзенскага раёна. Там ён правёў сваё дзяцінства, адтуль рушыў у дарослае жыццё. Пачынаючы размову пра родныя мясціны, першае, што згадвае мужчына, – сонечныя дні, напоўненыя ўсмешкамі яго блізкіх: бацькоў, трох братоў і сястрычкі. Аляксандр – малодшы ў сям’і, а таму традыцыйна большая ўвага, пацалункі і абдымкі даставаліся яму. Нягледзячы на ўсеагульную лаяльнасць, бацькі з дзяцінства прывучалі дзяцей да працы. Разам са старэйшымі братамі і сястрою наш герой дапамагаў па хатняй гаспадарцы, працаваў у полі, прыбіраў дома і на падворку, гатаваў. Атрыманыя навыкі асабліва спатрэбіліся Аляксандру, калі ён стварыў сваю сям’ю.

З Юліяй герой разам амаль 20 гадоў. Пазнаёміліся ў адной кампаніі сяброў і пасля ўжо не расставаліся. Сёння яны жывуць у аграгарадку Абухава і выхоўваюць пяцёра дзяцей: 8-гадовага Трафіма, 4-гадовых блізнят Вікторыю і Цімура, 3-гадовага Мацвея і самую малодшую – 7-месячную Васілісу. Аляксандр працуе жывёлаводам у СВК імя І. П. Сянько. Прыблізна год таму сям’я атрымала ад прадпрыемства вялікую кватэру, дзе месца хапае ўсім. 

– Ціха ў нас не бывае, – дзеліцца Аляксандр Мікалаевіч. – Кожную хвіліну дома чуецца дзіцячы смех або плач. Самае лепшае, што можа быць за працоўны дзень, – гэта прыходзіць дадому і чуць, як з розных пакояў да мяне бягуць маленькія ножкі.

IMG_5564.jpg

Старэйшы Трафім восенню пойдзе ў 3 клас, а малодшыя пакуль што наведваюць дзіцячы сад. Вечарам, калі ўсе вяртаюцца дадому, сям’я збіраецца на вячэру, якую, дарэчы, нярэдка гатуе Аляксандр. Адна з улюбённых страў мужчыны – амлет, рэцэпт якога ён пераняў ад матулі. Час ад часу разам са сваімі маленькімі памочнікамі Аляксандр Мікалаевіч выпякае смачнейшыя пірагі. Таксама па фірменным рэцэпце матулі.

IMG_5542.jpg

Увогуле большасць традыцый у сям’і Арцукевіч перанята ад бацькоў. Аляксандр Мікалаевіч расказвае: у дзяцінстве вялікай сям’ёй яны ездзілі на рыбалку, хадзілі ў грыбы, арганізоўвалі пікнікі. У юнацтве наш герой займаўся спортам, асабліва любіў барацьбу. Сёння бацькоўскую традыцыю працягвае Трафім. Акрамя гэтага, Аляксандр Мікалаевіч прывучыў дзяцей гуляць у шашкі і шахматы, і цяпер гэта адзін з самых любімых сямейных заняткаў. 

З асаблівай пашанай у сям’і Арцукевіч ставяцца да гісторыі роднай краіны. Бабулі і дзядулі Аляксандра ваявалі на фронце падчас Вялікай Айчыннай вайны.На шчасце, ім удалося вярнуцца дадому жывымі, выхаваць дзяцей, пазнаёміцца з унукамі. Только аднаго дзядулю Аляксандр Мікалаевіч добра памятае сам, пра астатніх ведае з расказаў бацькоў. Усе ўспаміны беражліва перадае сваім дзецям, каб яны таксама памяталі і ганарыліся. 

– Пра тату маёй мамы нават напісана кніга. Падчас вайны ён выратаваў жыццё маленькаму хлопчыку, якога хацелі павесіць. Канешне, сваім дзецям я пакуль што не магу расказаць усё так, як было на самой справе: яшчэ занадта маленькія для такой інфармацыі. Але яны, як і мы, дарослыя, добра ведаюць, што такое Дзень Перамогі і чаму так важна ў гэты дзень пакласці кветкі да помніка, – распавядае Аляксандр.

Праблему вырашаюць словам

Паклаўшы спаць маленькую Васілісу, да нашай размовы далучылася і Юлія. Гаворачы пра бацькоўскія абавязкі, жанчына адзначае: Аляксандр – найлепшы бацька для сваіх дзяцей. Ён клапатлівы, любячы і часам занадта цярплівы. 

– У метадах выхавання мы часта не сыходзімся. Муж вельмі ласкавы з дзецьмі, часта даруе ім неслухмянасць. А я, наадварот, многа патрабую, магу паругаць. Праўда, дзеці ўжо добра ведаюць, што тата за іх заступіцца, таму, адчуўшы «нядобрае», адразу бягуць да Сашы, – з усмешкай гаворыць Юлія.

Аляксандр тут жа дадае: 

– Дзеці прынеслі ў маё жыццё вялікую радасць, і я проста не магу адчуваць у адносінах да іх нейкія іншыя эмоцыі. Намагаюся вырашаць любыя канфлікты менавіта праз размову. Абавязкова спакойна. Пакуль яны маленькія, магчыма, гэта не так эфектыўна, але пасля яны навучацца вырашаць праблемы словам, – тлумачыць мужчына.  – Я не хачу прыгнятаць іх пачуцці і жаданні. Разумею, наколькі важнымі і сур’ёзнымі мары здаюцца ў дзяцінстве. Няхай мае дзеці змогуць іх споўніць.

У дзяцінстве Аляксандр Мікалаевіч марыў пайсці па слядах дзядулі і стаць ваенным. На жаль, здароўе падвяло, і мужчыне прыйшлося адмовіцца ад гэтага. Сёння такое жаданне мае старэйшы сын нашага героя, і цяпер для Аляксандра адна з галоўных мэт – зрабіць так, каб яно здзейснілася. 

Ёсць у сям’і на першы погляд простая, але вельмі важная традыцыя – у святочныя дні, напрыклад, на дзень нараджэння бацькоў Аляксандра, збірацца разам. У братоў і сястры Аляксандра Мікалаевіча таксама падрастаюць дзеці. Сёння бабулю і дзядулю радуюць дванаццаць унукаў. Таму прыходзіцца вельмі пастарацца, каб тры пакаленні ўмясціліся за адзін стол. Але гэта дробязі ў параўнанні з асалодай і шчасцем быць часткай такой вялікай і дружнай сям’і. У параўнанні з хвілінамі побач з тымі, хто цябе любіць. 

– У такія моманты разумееш, наколькі важна мець падтрымку ў жыцці. У нашых дзяцей яна ёсць, яны ніколі не застануцца са сваёй бядой сам-насам. І вось яно – сапраўднае шчасце, – падагульніў Аляксандр.