Лета яркае, захапляльнае, пазнавальнае

25.06.2024
У гэтым пераканаліся і згадзіліся выхаванцы аздараўленчага лагера “Крынічка” з дзённым знаходжаннем, які функцыянуе на базе Паляцкішскай школы. Весела і з карысцю для здароўя тут бавяць свой вольны час хлопчыкі і дзяўчынкі 4-9 класаў.
Жыццё ў лагеры кіпіць. Дырэктар Аляксандра Чаславаўна Янкелайць і выхавацель Алена Зыгмундаўна Пажарыцкая кожны дзень лагернай змены робяць цікавым і насычаным.
Уся дзейнасць дзіцячага калектыву арганізавана ў адпаведнасці з планам выхаваўчай работы. У пераліку мерапрыемстваў ёсць спартыўныя эстафеты, інтэлектуальныя гульні, хвілінкі здароўя, экскурсіі, дадатковая творчасць, віртуальныя падарожжы па Беларусі, запамінальныя сустрэчы.

Кожны дзень лагера тэматычны:“Сімвалы Беларусі”, “Кола гісторыі”, Дзень здароўя і спорту, Дзень патрыёта, Дзень экалогіі.
У Дзень выратавальніка лагер наведалі супрацоўнікі Воранаўскага РАНС. Яны прадэманстравалі пажарны аўтамабіль, расказалі пра сродкі пажаратушэння і прафесіі ратавальніка, правялі заняткі па вывучэнні правіл карыстання вогнетушыцелем, навучалі дзяцей правілам паводзін у надзвычайных сітуацыях.

Цікава прайшлі мерапрыемствы “Традыцыі нашых продкаў”, конкурсы “Міс Беларусачка”, конкурс малюнкаў на асфальце “Сябруюць дзеці ўсёй зямлі”, валанцёрская акцыя “Зрабі добрую справу”, сустрэча з прадстаўнікамі Воранаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідыміялогіі, з супрацоўнікамі Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Воранаўскага РАУС. Асаблівую цікавасць у навучэнцаў выклікала экскурсія ў горад Мінск, у ходзе якой дзеці наведалі Музей Вялікай Айчыннай вайны.
Падчас лагернай змены ўдзяляецца ўвага прафілактыцы шкодных звычак, фарміраванню культуры здароўя, мерам бяспечных паводзін у надзвычайнай сітуацыі. Педагогі робяць усё магчымае, каб адпачынак у лагеры стаў для дзяцей запамінальным.
Іван ГАБІС,
выхавацель аздараўленчага лагера
Паляцкішскай базавай школы.













