ГАДУЙЦЕСЯ, ДРЭЎЦЫ, РАЗАМ З ДЗЕТКАМІ!

12.04.2024
На Дзятлаўшчыне працягваецца рэспубліканская акцыя “Аднавім лясы разам” пад эгідай Міністэрства лясной гаспадаркі.
Чарговае яе мерапрыемства прайшло на базе дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава. Выхаванцы ўстановы – удзельнікі дашкольнага лясніцтва “Баравічок” на чале з выхавальніцай Аленай Капковіч, разам з кіраўніцтвам і работнікамі Дзятлаўскага лясгаса да 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў заклалі алею Памяці.

Старэйшыя калегі прывезлі ў падарунак маленькім лесаводам і навучальнай установе два дзясяткі маладых туй, якія былі з любоўю ўзрошчаны на Дзятлаўшчыне, у гадавальніках лясгаса. Дрэўцы занялі сваё дастойнае месца як напамін аб старонках нашай гераічнай гісторыі і сімвал стваральнага жыцця пад мірным небам Беларусі.

За пасадку разам з дашкольнікамі ўзяліся члены прафсаюза. Высаджванне туй вялося згодна з тэхналогіяй, за гэтым сачылі спецыялісты лясгаса, а вось за добры настрой адказвалі самі дашкольнікі.Удзельнікі дашкольнага лясніцтва падзяліліся сваімі ведамі аб прыродзе, расказалі пра добрыя справы, якія паспелі зрабіць на карысць малой радзімы. У сваю чаргу дарослыя павіншавалі садкоўцаў з выдатнай падзеяй у іх жыцці і пажадалі надалей клапаціцца аб навакольным асяроддзі.Акрамя дрэваў і садовага інвентару, у падарунак ад старэйшых таварышаў юныя аматары прыроды атрымалі яркую шпакоўню, якая зойме сваё месца ў двары дзіцячага сада.




Источник: https://diatlovonews.by













