Маладыя дрэўцы – на радасць дзятлаўчанам

09.04.2024
6 красавіка ў рамках акцыі “Разам для зялёнай Беларусі!” з ініцыятывы Мінпрыроды ў нашай краіне прайшоў адзіны дзень азелянення.
На Дзятлаўшчыне ён стартаваў на тэрыторыі сярэдняй школы № 1, прадоўжыўся ў гімназіі № 1 горада Дзятлава і па вуліцы Прытыцкага ў самым густанаселеным мікрараёне шматпавярховак, дзе былі высаджаны маладзенькія ліпкі і клёны. Педагогі, навучэнцы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў і нераўнадушныя дзятлаўчане змаглі прыняць актыўны ўдзел у мерапрыемстве і зрабіць свой пасільны ўклад у агульную справу па захаванні прыроды роднага краю.


– Паважаныя рабяты, штогод Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя вясной і восенню ініцыіруе акцыі па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні населеных пунктаў, – дала старт працоўнаму дэсанту першай школы намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Соф’я Бомбер. – Адметна, што менавіта ў Год якасці ведамствам аб’яўлена экалагічная акцыя “Разам для зялёнай Беларусі!”, удзельнікамі якой мы з вамі з’яўляемся. Маладзенькія туі каля школы стануць нашым укладам у азеляненне роднай старонкі.














