Аддаць голас за мір і стабільнасць 
 
23.02.2024

Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі актыўна ўдзельнічае ў бягучай электаральнай кампаніі. Пра асаблівасці работы ў гэты перыяд карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала старшыня галіновага прафсаюза Таццяна Якубовіч.

 

У цяперашні час у прафсаюзе супалі дзве важныя кампаніі — электаральная і справаздачна-выбарная. На сёння ў нас у кожнай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі праходзяць справаздачы і выбары. Так, у студзені ўжо прайшлі 1409 сходаў, дзе прысутнічалі вышэйстаячыя прафсаюзныя арганізацыі. Нядаўна перад намі выступаў намеснік дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Аляксандр Аляксандравіч Рахманаў, які ў тым ліку папрасіў прафсаюз, каб і мы даносілі людзям інфармацыю аб праекце Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, што зараз абмяркоўваецца на ўсіх узроўнях. Такім чынам, у нас атрымліваецца вельмі насычаны справаздачна-выбарны сход, які ахоплівае ўсе пытанні, актуальныя для насельніцтва. Да канца лютага адбудзецца яшчэ 2700 такіх сходаў, мы ахопім амаль усе пярвічкі.

Па сутнасці, па сваёй галіне хачу ска­заць, што ніводзін працоўны калектыў не застанецца ў няведанні, што такое адзіны дзень галасавання, як ён будзе прахо­дзіць і чаму. Мы тлумачым выбаршчыкам, што з кандыдатамі ў дэпутаты варта пазнаёміцца яшчэ да адзінага дня галасавання, асаб­ліва ў сельскай мясцовасці, дзе ў выбаршчыка будзе аж 4 бюлетэні. Для гэта падрыхтаваны валанцёры і члены ўчастковых выбарчых камісій, якія дапамогуць арыентавацца выбаршчыкам на месцах. Сітуацыя ў рэгіёнах спакойная, лю­дзі гатовы ісці на галасаванне, і мы іх пераканаўча просім гэта зра­біць. Таму што гэта не права, а грама­дзянскі абавязак выбаршчыка — паўдзельнічаць у галасаванні і выка­заць свабоднае выяўленне ў выбары кандыдата.

Я заклікаю выбаршчыкаў вывучаць біяграфію кандыдатаў у дэпутаты, асабліва тых, хто балатуецца ў парламент. Таму што ў такога чалавека павінна быць вялізнае жаданне прыносіць карысць, высокі прафесіяналізм, уменне слухаць і чуць людзей і пачуццё неабыякавасці да ўсяго, што адбываецца ў краіне. Як падкрэслівае кіраўнік дзяржавы, і прафсаюзным лідарам, і дэпутатам трэба быць да ўсяго датычнымі, чужых праблем быць не павінна.