Першы абласны літаратурна-краязнаўчы форум “Воранаўскія чытанні”
24.11.2023
24 лістапада ў рамках супрацоўніцтва паміж Воранаўскім райвыканкамам і Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Я. Купалы адбыўся першы абласны літаратурна-краязнаўчы форум “Воранаўскія чытанні”. У склад журы ўвайшлі педагогі ВНУ.
Удзельнікаў форуму віталі старшыня Воранаўскага райвыканкама Дзмітрый Захарчук і першы прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Карэўскі. Прывітальнае слова ўдзельнікам форуму адрасаваў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч.
Увесь дзень на Воранаўшчыне гучала родная мова. Гасцям у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці былі прадстаўлены лепшыя здабыткі нашай малой радзімы. Яны пазнаёміліся з турыстычным патэнцыялам краю, цікавымі напрацоўкамі раённай бібліятэкі, з працамі нашых самабытных майстроў і мастака, “пабывалі” ў тэатры моды пагародзенскіх школьнікаў.
На базе Беняконскай, Воранаўскай, Канвелішскай і Пагародзенскай школ працавалі 4 секцыі: “Воранаўшчына: вядомыя і невядомыя старонкі гісторыі”, “Воранаўшчына: культурная спадчына роднага краю”, “Славутыя людзі Воранаўшчыны” і “Воранаўшчыне прысвячаецца”.
Моцны краязнаўчы і гістарычны падмурак мелі працы дапытлівых юных навукоўцаў. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў яны працавалі не тыдзень і нават не месяц, дасканальна вывучаючы гісторыю роднага краю, яго персаналіі і культурны складнік. Да таго ж, у пошуку дадатковых звестак школьнікі, можна сказаць, адпраўляліся ў міні-экспедыцыі. Нашы знаўцы пазнаёмілі журы з архітэктурай, фальклорам, мастацкімі вырабамі раёна, паразважалі аб развіцці праваслаўя на яго тэрыторыі, разабралі геральдыку гербаў, пазнаёмілі са сваімі продкамі, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, выдатнымі настаўнікамі, спартсменамі… На думку купалаўцаў, многія працы хоць сёння могуць быць накіраваны на розныя абласныя алімпіяды і конкурсы.
Слушнае меркаванне выказала дацэнт кафедры беларускай філалогіі, кандыдат навук Аліна Сабуць: сапраўдная паэзія нараджаецца на Радзіме. Шчымлівыя і праніклівыя вершы нарадзіліся ў школьнікаў і настаўнікаў Воранаўшчыны. Гаварылі яны пра матчын пірог, ахвяры вайны, бацькоўскую зямлю, будучае…, па-свойму выказваючы любоў і павагу да малой радзімы.
Меркаванне
Руслан Казлоўскі, дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДзУ, кандыдат навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі:
— Вельмі важнай з’яўляецца сувязь розных галін адукацыі. Звычайна яна бачыцца між сярэдняй і вышэйшай галіной адукацыі своеасаблівым зваротам вучань-студэнт-спецыяліст. Дзякуючы цеснай сувязі нашага ўніверсітэта і Воранаўскага райвыканкама ён мае дадатковае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, дзе ёсць месца навуковай дзейнасці, павышэнню кваліфікацыі, эканамічнаму ўзаемадзеянню.
Сёлетнія “Воранаўскія чытанні” маюць магчымасць выяўлення навуковага і творчага патэнцыялу самога раёна. Бачна, што вучні, настаўнікі зацікаўлены ўдзельнічаць у такога кшталту мерапрыемствах, бо іх дзейнасць мае выяўленне. Дый любы педагог зацікаўлены займацца навуковай працай з вучнем, калі ён можа рэалізавацца. Так, існуюць навукова-практычныя канферэнцыі. Аднак літаратурна-краязнаўчы форум мае больш шырокі тэматычны абсяг і, што галоўнае, звязаны з беларускай літаратурай. І ёсць перспектыва стварэння раённага творчага аб’яднання, што дасць штуршок росту ў вас пісьменніцкіх кадраў, бо пісьменнікамі не становяцца за год ці два, гэта працяглы час творчага станаўлення і сталення.
Па матэрыялах “Воранаўскай газеты”