Маладым педагогам уручылі працоўныя кніжкі
29.08.2023
Да пачатку новага навучальнага года застаюцца лічаныя дні. Школы актыўна рыхтуюцца да гэтай падзеі.
Падрыхтоўка скончана, а навучальныя ўстановы папоўніліся новымі падручнікамі і сучасным абсталяваннем. Аднак школы і дзіцячыя садкі ўзбагаціліся не толькі матэрыяльна-тэхнічнай базай, але і новымі кадрамі. У гэтым годзе ў Ашмянскі раён прыйшло 37 маладых спецыялістаў. Першага верасня яны пазнаёмяцца са сваімі выхаванцамі, а пакуль парацоўная моладзь абжываецца і прызвычайваецца да новай дзейнасці. Шчымлівым і хвалюючым момантам было выкананне гімна настаўніцтва Ашмянскага раёна. Кожны радок, здаецца, адгукаўся ў сэрцах маладых людзей, дапамагаў глыбей адчуць важнасць і значнасць педагагічнай прафесіі. Пад апладысменты ім былі ўручаны працоўныя кніжкі. Хімікі, гісторыкі, філолагі, матэматыкі –
усе яны маюць розныя спецыяльнасці, аднак іх аб’ядноўвае адно – любоў да сваёй справы, імкненне запальваць агонь ведаў у дзіцячых сэрцах. Акрамя працоўных кніжак, настаўнікам былі ўручаны невялікія падарункі ад прафсаюзнай арганізацыі.