Прыгажосць заклікае ствараць

01.06.2023
У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылося ўрачыстае адкрыццё персанальнай выставы “Прыгажосць зямлі роднай” – народнага майстра, былога настаўніка з аграгарадка Дварэц Аркадзя Сокала.
Аркадзь Мяфодзьевіч шмат гадоў займаецца жывапісам, піраграфіяй, разьбой па дрэве і стварае сапраўдныя шэдэўры, многія з якіх прысвечаны дзятлаўскай зямлі. Ужо амаль паўстагоддзя на творчым шляху яго падтрымлівае жонка Раіса Міхайлаўна, якая і з’яўляецца лепшым гідам па выставах майстра. Паколькі абое яны педагогі на пенсіі, то сярод гасцей урачыстасці былі былыя калегі – ветэраны педагагічнай працы, у тым ліку прысутнічалі старшыня раённай галіновай ветэранскай арганізацыі Раіса Ганчарэвіч і яе намесніца Яўгенія Савань, былі мясцовыя краязнаўцы, музейныя работнікі і дзятлаўчане, якія ўмеюць цаніць прыгажосць.

Гасцей павітала дырэктар музея Вольга Цюшляева:– Штогод у гэтай выставачнай зале мы прадстаўляем нашых таленавітых землякоў і іх работы. У Год міру і стварэння экспануюцца творы Аркадзя Сокала. Свае работы майстар стварае для сябе, блізкіх, сяброў. Ён цудоўны чалавек, уважлівы мастак, які паказвае людзям прыгажосць навакольнага свету. Многія яго творы адлюстроўваюць асабістыя захапленні – рыбалку, паляванне, збор дароў лесу, цыклы работ прысвечаны тэме духоўнага адраджэння, малой радзіме.


Аркадзь Сокал падзякаваў прысутным за цёплую сустрэчу, на якую прыйшло шмат яго добрых сяброў, людзей, з якімі ў свой час працавалі на ніве адукацыі раёна. Узгадаў ён школьныя будні, поспехі сваіх вучняў, у тым ліку ў выяўленчым мастацтве, свае творчыя вехі, расказаў, як стварае разбяныя і мастацкія шэдэўры, не забыўся і пра планы-задумкі, бо ў бліжэйшы час мяркуе больш звяртацца да гістарычнай спадчыны дзятлаўскай старонкі.

Дарэчы, сярод экспанатаў можна было пабачыць і “думкі майстра” – графічныя выявы будучых работ.



Цікавую экскурсію-прэзентацыю па выставе мужа правяла Раіса Сокал. Спынілася не толькі на любімых сюжэтах мастака, але і расказала пра яго звычкі, узгадала гісторыі стварэння некаторых карцін, іх назваў. Асаблівасць аповеду Раісы Міхайлаўны – багацце вершаў розных аўтараў, якія яна выкарыстоўвае для прэзентацыі твораў мужа, каб абудзіць у душах слухачоў глыбокія і багатыя пачуцці, выклікаць “букет” эмоцый.









Пасля прэзентацыі землякі і сябры павіншавалі Аркадзя Мяфодзьевіча з яго першай персанальнай выставай, падарылі яму кветкі і сувеніры на памяць. Прагучала шмат цёплых і шчырых словаў. Галоўнае, чаго зычылі, – прадаўжаць ствараць і праслаўляць родную Дзятлаўшчыну.
Выстава Аркадзя Сокала будзе дзейнічаць у музеі да сярэдзіны ліпеня, наведаць яе могуць усе жадаючыя.

















