На Дзятлаўшчыне ўшанавалі памяць ахвяраў генацыдуі подзвіга Іосіфа Філідовіча

17.12.2022
Вялікая Воля, Малая Воля, Дубраўка, Дубароўшчына, Ліпічанская Пушча, Трахімавічы, Гарадкі – назвы, якія ведае кожны дзятлаўчанін, крывавыя раны гісторыі, якія не загояцца ніколі.
80 гадоў таму мірныя жыхары гэтых вёсак былі па-зверску знішчаны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У гадавіну трагедыі ў вёсцы Гарадкі адбыўся жалобны мітынг-рэквіем, прысвечаны памяці ахвяраў тых страшных падзей.
Каля помніка загінулым землякам ушанаваць іх памяць сабраліся прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, духавенства, старшыня раённага абъяднання прафсаюзаў, старшыня Дзятлаўскай раённай арганизацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і раённай арганизацыі прафсаюза работнікаў культуры, навучэнцы і педагогі Казлоўшчынскай сярэдняй школы.

Аб трагедыі вёсак нашага раёна прысутным нагадаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Гады Вялікай Айчыннай вайны – адна з чорных старонак гісторыі Дзятлаўшчыны. У перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі захопнікі знішчалі мірнае насельніцтва. Па звестках кнігі “Памяць” у нашым раёне было забіта 18 820 чалавек, знішчаны 23 населеныя пункты, з іх 7 – поўнасцю. Сёння мы знаходзімся на тым самым месцы, дзе ў снежні 1942 года было расстраляна 367 мірных жыхароў – жанчын, пажылых людзей, дзяцей. Да нашых дзён дайшлі ўспаміны нешматлікіх выжыўшых відавочцаў тых страшных падзей, у іх ліку Ядвіга Іванаўна Гародка. Немагчыма нават уявіць увесь боль і жах той жанчыны, якая здолела застацца жывой у час масавага расстрэлу, страціўшы ў ім траіх сваіх дзяцей і мужа.
Сёння мы бачым, як некаторыя суседнія краіны перапісваюць гісторыю ваеннага перыяду, знішчаюць помнікі савецкім салдатам, руйнуючы іх нават на месцах масавых пахаванняў. Гэта не проста адмаўленне ад свайго мінулага, а танцы на касцях, чаго мы ніколі не дапусцім у нашай краіне. Сёння мы смуткуем і ўшаноўваем памяць нашых землякоў, трагічна загінулых у час вайны і абяцаем перадаць яе наступным пакаленням, каб ведалі і шанавалі, каб ніколі не паўтарыліся на нашай зямлі тыя страшныя падзеі.



Удзельнікі мітынгу-рэквіема хвілінай маўчання ўшанавалі памяць ахвяраў генацыду на Дзятлаўшчыне, усклалі кветкі і паставілі лампадкі да падножжа манумента. З такой жа місіяй яны наведалі вёску Трахімавічы.



У гэты ж дзень Дзятлаўшчына адзначыла 80-годдзе подзвіга ліпічанскага Сусаніна часоў Вялікай Айчыннай вайны Іосіфа Філідовіча і памятную дату яго трагічнай гібелі.
Калі ў снежні 1942 года пачалася блакада Ліпічанскай пушчы, карнікі-эсэсаўцы атрада “Чорная галава” прыйшлі на падворак Філідовічаў. Дома былі Іосіф Юр’евіч, яго нявестка і ўнук Федзя. Ворагі патрабавалі, каб Іосіф Юр’евіч паказаў ім дарогу ў шпіталь. Пад пагрозай расправы над роднымі людзьмі ён згадзіўся, але павёў эсэсаўцаў у іншы бок, за 10 кіламетраў ад шпіталя. Калі фашысты здагадаліся пра падман, яны забілі свайго праважатага.
У наш час жыхары раёна памятаюць і ведаюць аб гераічным учынку Іосіфа Філідовіча, збіраюцца каля яго мемарыяла ў дні важных дат.
Каля мемарыяла герою ў райцэнтры сабраліся прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў, сілавых службаў, грамадскіх арганізацый, школьнікі.


Хвілінай маўчання прысутныя яшчэ раз ушанавалі подзвіг вядомага земляка, а заадно пакланіліся подзвігам савецкіх людзей, якія прайшлі вогненныя вёрсты жорсткай і бязлітаснай вайны, – легендарнаму пакаленню народа, чыя адданая любоў да Радзімы прынесла мір і незалежнасць нашай краіне. Напрыканцы ўдзельнікі памятнага мерапрыемства ўсклалі да мемарыяла вянкі і кветкі, паставілі запаленыя лампадкі.

















