"Дзятлаўская лыжня-2021" За некалькі хвілін да старту: радасць, усмешкі, спадзяванні на перамогу

15.02.2021

Перад стартам удзельнікі спартыўнага свята “Дзятлаўская лыжня-2021” расказалі карэспандэнтам газеты “Перамога”, з якім настроем каманды рыхтуюцца да спаборніцтваў.

 

Сяргей Карнэлік, педагог Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы:

– Наша дэлегацыя – гэта 15 чалавек. З настаўнікамі пабяжым на лыжах эстафету 4 па 400 метраў. Таксама я буду ўдзельнічаць у індывідуальным забегу, у катэгорыі “Спартсмены” на 1000 метраў. У гэтай жа катэгорыі прыме ўдзел адна з маіх калег і навучэнцы нашай школы, а гэта – 5 чалавек. Яшчэ 8 настаўнікаў нашага калектыву пабягуць у катэгорыі “Аматары”. Група падтрымкі з плакатамі будзе “хварэць” за нас і падбадзёрваць на дыстанцыі.

Настрой – баявы. Любыя спаборніцтвы – гэта радасць і мы атрымліваем ад іх вялікую асалоду. Наш калектыў заўсёды настроены на перамогу, я таксама ў асабістым першынстве спадзяюся на высокі вынік. На лыжы стаў яшчэ ў дзяцінстве. Сёлета прымаў удзел у абласных спаборніцтвах сярод сельскіх жыхароў. Выступілі дастойна: занялі восьмае агульнакаманднае месца сярод 19 каманд.

Аляксей Грыцук, намеснік упраўляючага цэнтра забеспячэння бюджэтных арганізацый:

– З раніцы на двары мінус 15, настрой баявы, будзем спаборнічаць. Нас дзве каманды: 4 чалавекі – ад сферы культуры, 4 – ад цэнтра забеспячэння. Пабяжым эстафету. Пазмагаемся за прызавое месца.

Вольга Варган, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Жукоўшчынскай базавай школы:

– Мы сёння прыехалі сюды, каб падняць настрой, згуртавацца і даказаць, што Беларусь – гэта наша краіна і мы ёю ганарымся, нездарма сённяшнія спаборніцтвы праходзяць пад дэвізам: “Стартуем разам з Прэзідэнтам па здаровы лад жыцця!”

Лыжныя гонкі прайшлі на стадыёне “Колас”

Нягледзячы на мароз, спартыўнае зімовае свята “Дзятлаўская лыжня” сабрала на стадыёне райцэнтра больш за дзве сотні ўдзельнікаў.

Пасля ўрачыстага адкрыцця мерапрыемства спаборніцтвы распачаліся з эстафетных гонак. Сёлетняя “Дзятлаўская лыжня” даказала, што на лыжах можа ехаць кожны: у забегах узялі ўдзел каманды з 41 арганізацыі Дзятлаўскага раёна, сярод якіх – усе школы і ўстановы адукацыі раёна, сельгаспрадпрыемствы Дзятлаўшчыны, Дзятлаўская ЦРБ, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, санаторый “Радон”, Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Калектывы паказалі не толькі спартыўную падрыхтоўку, але і зладжанасць, узаемную падтрымку, пазітыўны настрой. За іх актыўна “хварэлі” групы падтрымкі.

Кожная з каманд праходзіла дыстанцыю на чатырох этапах – два кіламетровыя рубяжы пераадольвалі мужчыны, адзін – жанчыны і фінішыравалі кіраўнікі арганізацый. Трэба адзначыць, што некаторыя з іх па-майстэрску прайшлі дыстанцыю.

Пасля фінішу ўдзельнікі забегаў дзяліліся эмоцыямі, віншавалі дзятлаўчан са святам.

Удзельнікі свята маглі сагрэцца гарачым чаем, якім частавалі валанцёры Чырвонага Крыжа.

Пасля завяршэння камандных этапаў на старт выйшлі аматары лыжнага бегу. Яны пераадольвалі дыстанцыю без фіксацыі часу. Заключныя этапы “Дзятлаўскай лыжні” былі за прафесіяналамі, стартавалі асобна мужчыны і жанчыны. У індывідуальных забегах паўдзельнічалі  25 спартсменаў Дзятлаўшчыны.

Кожны з удзельнікаў  “Дзятлаўскай лыжні” атрымаў сваю перамогу – зарад здароўя і пазітыву.

 

Наталля АВЯРЧУК
Фота Наталлі Авярчук і Марыі ПАПОВАЙ